У сакавіку ў раённай газеце быў змешчаны матэрыял “Дапамагчы хворым дзецям можа кожны”, у якім расказвалася аб рашэнні прыхаджан царквы “Усіх Смуткуючых Радасць” па арганізацыі ў храме збору ахвяраванняў для дапамогі цяжкахворым дзецям на правядзенне аперацый або доўгае лячэнне. Справа, безумоўна, вельмі патрэбная — прытым не толькі хворым дзецям, а і ўсім нам, бо міласэрнасць ва ўсе часы была і з’яўляецца, напэўна, асноўным крэтэрыем сутнасці чалавека. На працягу ўсяго гэтага часу збор сродкаў працягваўся. А аб тым, як ідзе справа і каму змаглі дапамагчы, у рэдакцыю паведаміла адна з ініцыятараў і арганізатараў акцыі міласэрнасці жыхарка Шаркаўшчыны Анна МІЛЯНЦЕЙ. Змест яе допісу эмацыянальны, кранаючы і, спадзяёмся, ён не пакіне раўнадушнымі нашых чытачоў. Прадстаўляем яго вашай увазе:
— Яшчэ гэтай вясною мы — прыхаджане шаркаўшчынскага храма ў гонар іконы Прасвятой Багародзіцы “Усіх Смуткуючых Радасць” — распачалі збор сродкаў на дапамогу цяжкахворым дзецям у лячэнні вельмі складаных захворванняў. Такіх, напрыклад, дзе ратаваць дзіця могуць толькі за мяжой і, як вядома, за зусім немаленькія грошы.
За ўвесь час з сакавіка па кастрычнік нам удалося сабраць 6.767.200 беларускіх рублёў і пералічыць іх адпаведна 23-ці дзеткам. Гэта прыблізна па 300.000 кожнаму, хаця на адну аперацыю або нават паездку за мяжу для лячэння ці кансультацыі патрабуецца ад 5.000 да 37.000 еўра. Грошы мы пералічваем у банк амаль кожную нядзелю. Усе квітанцыі знаходзяцца ў нашай царкве, і любы жадаючы можа з імі азнаёміцца. Дакументы ляжаць адкрыта ў празрыстых папках на стале, які размешчаны ў правай палове храма. Там жа стаіць і празрыстая скрыня для ахвяраванняў.
Чаму хацелася б усё ж зноў закрануць гэтую тэму? Справа ў тым, што каб выратаваць ад смерці канкрэтнае дзіця, нам з вамі не трэба ўваходзіць у асабліва вялікія траты. Трэба толькі не заставацца абыякавымі і жорсткасардэчнымі, неабходна проста пераадолець сваю ляноту. Калі мы ўсе “скінемся” па дробязі, то адразу зможам сабраць куды больш значную колькасць грошай, чым тыя 300.000. Ад гэтага ніхто з нас не збяднее, не застанецца без кавалка хлеба. Нашы прыхаджане разумеюць гэта і стараюцца не заставацца ў баку. Але іх не так многа ў параўнанні з тымі тысячамі еўра, якія кожны раз патрабуюцца на лячэнне. Ды і даходы ў нашых прыхаджан, у асноўным пенсіянерак, адпаведныя. А хацелася б дапамагчы больш значна.
Здаецца, ніхто не можа сказаць пра сябе: “Я не хачу, каб хворае дзіця выздаравела”. Значыць, усе мы з вамі хочам, каб дзеткі сталі здаровыя, а зрабіць гэта можна у тым ліку і з нашай дапамогай. Вось для гэтага мы і пачалі збор сродкаў у храме. Каб дапамагчы мог кожны жадаючы. І зрабіць гэта вельмі проста — трэба толькі зайсці ў храм, зрабіць першы крок да Бога і міласэрнасці.
Інфармацыю пра хворых дзетак бяром з газет “Царкоўнае слова”, нашай “Кліч Радзімы”, абласной “Народнае слова”.
Дарэчы, цяпер разам з нумарам рахунку, на які збіраюцца грошы, часта ўказваецца і нумар “электронного кошелька”. Можна пералічыць грошы з дапамогай Інтэрнэта — такім чынам, як кладуцца грошы на мабільнік. Каму як зручней.
Дарагія чытачы, уявіце сабе роспач тых бацькоў, якія вымушаны вось так, просячы міласці, спрабаваць выратаваць сваіх дзетак. Не дай Божа, каб мы з вамі аказаліся б на іх месцы і маглі б разлічваць толькі на людскую неабыякавасць і міласэрнасць. Як бы мы спадзяваліся тады, што іншыя нас пачуюць, што людзям будзе не ўсё роўна, што хтосьці пашкадуе нас і дапаможа!
Хто ведае, хваробы гэтыя цяжкія ў дзетак можа таму і з’яўляюцца, каб кожны чалавек мог праверыць, наколькі ён Чалавек?! Ці мае ён у душы хоць крыху любові і спагады?
Калі кагосьці зацікавіць гэтая наша справа — звяртайцеся ў храм! Прасцей за ўсё проста паойкаць і адвярнуцца. Маўляў, гэта ж не наша дзіця хварэе і без дапамогі можа памерці, не нашых родных, і часцей за ўсё не ў нашым раёне. Што нам да яго… Аднак так быць не павінна!
Падрыхтавала Людміла ЛАТЫШОНАК
