Сяргей і Марыя Рэдзіка — звычайная маладая сям’я з райцэнтра са сваімі клопатамі, турботамі і радасцямі, як кажуць, адна сярод многіх. Марыя працуе памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садзе № 5, Сяргей — аператар кацельных установак жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна. Іх васьмігадовая дачушка Крысціна зараз вучыцца ў 3 класе, захапляецца музыкай і маляваннем, з задавальненнем чытае кнігі.
У гэтым годзе сям’я Рэдзіка ўвайшла ў лік пераможцаў раённага агляду-конкурсу “Лепшы маладзёжны падворак”. Сяргей, Марыя і Крысціна пражываюць у прыватным доме, у вольны час займаюцца яго добраўпарадкаваннем. Прыгожая альтанка, вялікая колькасць рознакаляровых асенніх кветак упрыгожваюць тэрыторыю вакол дома, у планах маладой сям’і — будаўніцтва лазні і гаража. Акрамя агародніны, на даволі вялікім прысядзібным участку каля дома падрастае сад, а хатняя жывёла, што ўтрымліваецца на падворку, з’яўляецца істотнай падтрымкай для бюджэту.
Свой сямейны дабрабыт дружная і працавітая сям’я стварае сама, прыкладваючы шмат сіл для таго, каб іх дом заўсёды быў утульным і прыгожым.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ
