Шчаслівыя сем’і — галоўнае багацце раёна. Пра агляд-конкурс «Маладзёжнае падвор’е-2012» (+фота)

Актуальное

сям'я Ярмош

У кожнага свой сакрэт сямейнага шчасця і, безумоўна, адной для ўсіх формулы існаваць не можа. Як і немагчыма ўявіць шчаслівую дружную сям’ю без кахання, узаемападтрымкі,  уважлівых адносін і ўмення пазбягаць канфліктаў. Лепшыя маладыя сем’і — гэта галоўнае багацце нашага раёна, аснова яго паспяховага развіцця. Звычайныя сямейныя пары, якія пражываюць у нашых вёсках і аграгарадках, выхоўваюць дзяцей і ствараюць свой дабрабыт уласнымі сіламі, безумоўна, заслугоўваюць увагі. Менавіта пра іх і пойдзе размова ў гэтым артыкуле. Пра самыя адметныя моманты раённага агляду-конкурсу “Маладзёжны падворак-2012”, яго пераможцаў, іх сямейныя каштоўнасці і дасягненні рэдакцыі газеты паведаміў галоўны арганізатар гэтага цікавага мерапрыемства, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Ігар Афанасьевіч ІВАНОЎ:
— Кожны год у нашым раёне праводзіцца конкурс на лепшы маладзёжны падворак. Яго мэта — выяўленне і заахвочванне маладых сем’яў, якія ў поўнай меры дэманструюць высокі ўзровень вядзення прысядзібнай гаспадаркі, праяўляюць крэатыўнасць і творчасць у афармленні падворкаў, а таксама прапагандуюць здаровы лад жыцця. Прыняць удзел у конкурсе маглі ўсе жадаючыя сямейныя пары, якія знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе і ў якіх узрост мужа ці жонкі не перавышае 31 года. У склад журы, што ацэньвала падворкі канкурсантаў, увайшлі прадстаўнікі аддзелаў па справах моладзі і  культуры райвыканкама, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, санітарна-гігіенічнай службы, раённага камітэта БРСМ. Актыўны ўдзел у судзействе прыняла і былы дырэктар Шаркаўшчынскай СШ № 2 Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская, якая ў судзейскай камісіі прадстаўляла ветэранскую арганізацыю.
На першым этапе конкурсу з 24-х працоўных калектываў раёна былі вылучаны 111 маладых сем’яў, якія пражываюць у дамах сядзібнага тыпу і 27 сем’яў, што жывуць у кватэрах. У арганізацыях і ўстановах шаркаўшчынскага краю найбольш масава ўнутрыкалектыўныя конкурсы прайшлі ў КУВСП «Гарадзец» (у якім свае маладзёжныя падворкі прадставілі 12 маладых сем’яў), цэнтральнай раённай бальніцы і жыллёва-камунальнай гаспадарцы — па 11 сем’яў, Шаркаўшчынскім агратэхсэрвісе — 10 сем’яў, ААТ «Даватарскі» і Цэнтры банкаўскіх паслуг № 224 — па 8 сем’яў. З кожным годам павялічваецца колькасць удзельнікаў гэтага цікавага мерапрыемства. Так, да прыкладу, два гады таму ў маладой сям’і Аляксандра і Вольгі Рамановічаў, якія пражываюць у аграгарадку Радзюкі, з жыўнасці быў толькі адзін сабака, які вартаваў голыя сцены гаспадарчых пабудоў. А мінулым летам мы ўжо з цікавасцю назіралі, як гаспадары дома даглядаюць за некалькімі курачкамі і 2 парасяткамі. Якое ж было наша здзіўленне ў гэтым годзе, калі на падворку маладой сям’і мы ўбачылі свінаматку, акружаную 7 парасятамі, а побач праз перагародку мычэў здаравенны бык. Год назад, па ініцыятыве старшыні райвыканкама Мечыслава Віктаравіча Морхата, ад сваіх працоўных калектываў пераможцы конкурсу “Лепшы маладзёжны падворак-2011” у якасці ўзнагароды атрымалі “жывыя” прызы. І маленькае цяля, якое з’явілася ў сям’і Рамановічаў, за год ператварылася ў “сур’ёзную персону”, вялікага быка, да якога падыходзіць адважваецца толькі сам гаспадар. Такая ж сітуацыя і ў Дзмітрыя Ярмоша і Веранікі Мацвеевай з аграгарадка Лужкі. Два гады таму ім выдзелілі службовае жыллё ў КУВСП «Гарадзец», а гаспадарчыя пабудовы яны ўжо самі засялілі 2 бычкамі, 6 парасятамі, 33 хатнімі птушкамі. Не адстае ад іх і сям’я Леаніда і Людмілы Сухоўскіх з аграгарадка Наваселле. Тут таксама гадуюць “прызавога” быка, а ў кампаніі з ім яшчэ 4 парасят, 18 гусей, з дзясятак трусоў, 50 курэй і 20 куранят. Куранят, дарэчы, гаспадары самі выводзяць у электрычным інкубатары. А якая прыгажосць створана на прысядзібнай тэрыторыі ў гэтых сем’ях. У Сухоўскіх, напрыклад, ёсць не толькі прыгожа абгароджаная сажалка для гусей, але яшчэ і штучны вадаём з альпійскімі горкамі — незвычайны водна-архітэктурны шэдэўр. У дадатак да гэтага мангал, цэлы музей атрыбутаў народных промыслаў, цудоўная дзіцячая пляцоўка з арэлямі, горкамі, пясочніцай і г. д. Варта толькі здзіўляцца творчай фантазіі і дызайнерскім здольнасцям гэтых маладых людзей.
Апошні раз удзельнічала ў конкурсе маладая шматдзетная сям’я Уладзіміра і Таццяны Падоба з аграгарадка Іёды. На піку маладзёжнага ўзросту яны дэманструюць майстар-клас іншым маладым сем’ям. Адна жыўнасць толькі чаго варта. Дзве каровы рэдкай джэрсейскай пароды з гаючым малаком, пяцёра парасят, з дзясятак курэй, два сабакі, двое катоў і нават рэдкія для нашай мясцовасці авечкі ўтрымліваюцца на падворку гэтых гаспадароў. А пра прыгажосць і арыгінальнасць афармлення прыдамавой тэрыторыі лепш за ўсё раскажа той факт, што турысты проста не могуць праехаць міма, каб не сфатаграфавацца ля дома Уладзіміра і Таццяны. Сваім чароўным водарам гасцей прывабліваюць 20 гатункаў руж і больш за сотню найменняў іншых прыгожых кветак. Ад дэкаратыўнага сада з утульным невялікім фантанам проста немагчыма адвесці вачэй.
Наогул, магу смела заявіць, што не перавяліся на шаркаўшчынскай зямлі маладыя таленты, бо шмат розных прыемных нечаканасцяў і сюрпрызаў можна было ўбачыць у час конкурсу. Андрэй і Алена Сухаверскія з аграгарадка Наваселле нас пракацілі на самаробным трактары гаспадара. Падворак шаркаўчан Леаніда і Святланы Грыгаровічаў запомніўся дэкаратыўнай паштовай скрыняй і ўтульнай альтанкай, якія таксама змайстраваў гаспадар. Васіль і Дзіяна Стрыльчукі з аграгарадка Більдзюгі здзівілі арыгінальным унутраным аздабленнем свайго дома і выдатным прыдамавым кутком адпачынку з універсальнай дзіцячай пляцоўкай. Яе адметнай асаблівасцю стаў напоўнены дзіцячымі цацкамі казачны куфар, ключ ад якога знаходзіўся ў прынцэсы гэтага райскага куточка, дачкі Эвяліны. У Більдзюгах у Івана і Дзіяны Молакавых, якія выхоўваюць сына Мікіту, мы змаглі пагуляць з сімпатычным хамячком і жывой чарапахай.
У ліку лепшых маладых сем’яў нашага раёна, якія пражываюць у сельскай мясцовасці ў дамах сядзібнага тыпу, акрамя пералічаных вышэй, журы адзначае Дзмітрыя і Анжэлу Ананічаў з аграгарадка Васюкі, Андрэя і Алену Грэцкіх з аграгарадка Пялікі, Сяргея і Анну Хаданёнкаў (аграгарадок Германавічы), Сяргея і Любоў Носка (аграгарадок Шыці), Аляксандра і Кацярыну Кезікаў (аграгарадок Лужкі).
Сярод шаркаўчан, якія пражываюць у асабістых дамах і значную ўвагу надаюць добраўпарадкаванню сваіх падворкаў, у ліку пераможцаў таксама варта адзначыць маладыя сем’і Валерыя і Вікторыі Блажэвічаў, Аляксандра і Алены Міронавых, Сяргея і Марыі Рэдзіка, Валерыя і Ірыны Цітовічаў.
У час падвядзення вынікаў конкурсу сярод сем’яў, што пражываюць у кватэрах, у першую чаргу ўлічваўся ўдзел у добраўпарадкаванні лесвічных клетак і прыдамавой тэрыторыі. У гэтым накірунку амаль усім удзельнікам яшчэ ёсць над чым працаваць. І на гэты раз журы вырашыла хадайнічаць аб узнагароджанні толькі сямейнага тандэма Юрыя і Таццяны Казарыных. Акрамя добраўпарадкавання кватэры, стварэння належных умоў для выхавання і развіцця дзяцей, гэта сямейная пара стварыла свой куточак адпачынку на лесвічнай пляцоўцы, а яшчэ Юрый разам з суседам паставіў альтанку каля дома і падкасіў газон на прыдамавой тэрыторыі.
Усе 18 маладых сем’яў, пераможцаў конкурсу, на раённым сельскагаспадарчым свяце будуць узнагароджаны Ганаровымі граматамі райвыканкама і грашовымі прэміямі, а канкурсантаў, што працуюць у сельгаспрадпрыемствах раёна, плануецца адзначыць яшчэ і жывымі прызамі. Галоўны вынік конкурсу можна падвесці ўжо цяпер: з кожным годам у Шаркаўшчынскім раёне павялічваецца колькасць маладых сем’яў, якія асабістай працай, крэатыўнасцю, творчай фантазіяй і мэтанакіраванасцю робяць сваё жыццё і жыццё іншых людзей больш багатым, яркім і цікавым. Вялікі дзякуй ім за гэта. І, як прагучала ў час выступлення музыкантаў, што разам з журы наведвалі маладыя сем’і: “Хай смяюцца дзеці, хай у вашым сэрцы з рання і да рання зорачкай вясновай ясніцца каханне!”.
Падрыхтавала Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ

сям'я Блажэвічаў
Леанід Грыгаровіч з сынам
Аляксандр і Алёна Міронавы разам з дзецьмі
Марыя і Крысціна Рэдзіка
сям'я Цітовічаў
на падворку ў Грэцкіх
сям'я Кезікаў
сям'я Молакавых
у гасцях у сям'і Носка
Таццяна Падоба і яе незвычайныя гадаванцы — каровы джэрсейскай пароды
сям'я Рамановічаў
выдатнае месца адпачынку для сваёй дачушкі Эвяліны на ўласным падворку стварылі Васілій і Дзіяна Стрыльчукі. У цэнтры — казачны куфар маленькай гаспадыні
сям'я Сухаверскіх
самаробны трактар Андрэя Сухаверскага
сям'я Сухоўскіх
прадстаўнікі судзейства завіталі на падворак да Хаданёнкаў


1 комментарий по теме “Шчаслівыя сем’і — галоўнае багацце раёна. Пра агляд-конкурс «Маладзёжнае падвор’е-2012» (+фота)

  1. «Апошні раз удзельнічала ў конкурсе маладая шматдзетная сям’я Уладзіміра і Таццяны Падоба з аграгарадка Іёды.» Как-то мрачновато звучит.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *