На адным з пасяджэнняў суда пад старшынствам суддзі раёна Надзеі Іванаўны Талапіла разглядалася справа аб пакаранні вінаватых ва ўчыненні злачынства.
Прыгадаем мудрага Віні-Пуха. Яго ранішні візіт у госці быў з добрым намерам. А вось у нашых “герояў”, пра якіх пойдзе размова, такі паход пачаўся яшчэ ноччу і закончыўся раніцай сумна.
Віктар Калуканаў і Сяргей Станкевіч жылі па-суседску ў вёсцы Запруддзе Більдзюжскага сельсавета, былі неразлучнымі сябрамі, ведалі адзін аднаго са школьных гадоў. А больш за ўсё іх аб’ядноўвала гарэлка. У той суботні вечар яны сустрэліся каля вясковага магазіна. Абодвум вельмі хацелася выпіць. Толькі дзе ўзяць грошы на набыццё выпіўкі? Скумекалі! У Віктара знайшлі пад хатай металалом. Адвезлі яго ў Новы Пагост і на выручаныя грошы купілі тры бутэлькі “чарніла”, астатнія 35 тысяч рублёў Віктар “заныкаў” сабе. Сяргей прапанаваў іх раздзяліць на дваіх, толькі сябра не згаджаўся. Пакуль пілі ў доме Калуканава, з кожнай чаркай усё больш разагравалася нутро хлопцаў і ўзбуджала іх нервовую сістэму.
Неўзабаве пачалася драка, якую прадоўжылі на вуліцы. Станкевіч закрычаў, што выклікае міліцыю і кінуўся наўцёкі. Калуканаў дагнаў яго і накінуўся з нажом, які пастаянна насіў з сабою. Свайму сябру ён нанёс сем удараў нажом па жыццёва важных органах. Смерць не наступіла толькі з-за таго, што хутка была аказана медыцынская дапамога. З колатымі ранамі хлопца забралі ў бальніцу.
У судзе Віктар Калуканаў сваю віну прызнаў. Але дакладна памятае толькі першы ўдар, нанесены пацярпеўшаму.
В. Калуканаў прызнаны вінаватым за спробу зрабіць замах на жыццё іншага чалавека. Яму назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 6 гадоў і 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У адпаведнасці з амністыяй, вызвалены ад пакарання часткова — тэрмінам на адзін год. Па месцы адбывання пакарання Калуканаў вымушаны будзе лячыцца ад алкагалізму.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА