Адноўлена крыніца, якая знаходзіцца паміж вёскамі Мельніца і Жукоўшчына

Актуальное

ляснічы Полаўскага лясніцтва Аляксандр Дзіковіч каля адноўленай крыніцы
ляснічы Полаўскага лясніцтва Аляксандр Дзіковіч каля адноўленай крыніцы

“І незалежна ад пагоды ўсё б’е крыніца пад гарой”. Гэта радкі вядомай беларускай песні, якую выконвае кіраўнік ансамбля “Сябры” Анатоль Ярмоленка. Цудоўныя словы музычнага твора мілагучна перадаюць непаўторнае хараство беларускіх крыніц, смак іх жыватворнай вады, якая наталяе смагу тым, хто здарожыўся падчас вандроўкі ці проста вырашыў папіць сцюдзёнай вадзіцы.
Не многія ведаюць, што паміж вёскамі Мельніца і Жукоўшчына, на стромкім беразе ракі Дзісна з даўніх часоў б’е з-пад зямлі крынічная вада. Калісьці на гэтым месцы была невялікая па памерах вёска Трамбалоўка, знаходзіўся млын, рэшткі ад падмурка якога захаваліся да нашага часу. Мясцовае насельніцтва здаўна прыходзіла да гэтай крынічкі падчас працы ў полі, ловячы рыбу ці пасвячы статак кароў. Цяпер ўжо рэдкі чалавек наведвае гэтае месца.
Нядаўна па ініцыятыве старшыні Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў Уладзіміра Шпяца, ляснічага Полаўскага лясніцтва Аляксандра Дзіковіча з дапамогай работнікаў установы гэтае месца было добраўпарадкавана: пракладзена пад зямлёй труба для сцёку вады, тэрыторыя навокал абсыпана гравіем і шчэбнем, пастаўлена лавачка, зроблена лесвіца для больш зручнага спуску і ўзыходжання.
А якая смачная вада ў гэтай крыніцы! Халодная, празрыстая як шкло. Яна і сапраўды спатольвае смагу, надае сілу і бадзёрасць. Паспрабаваўшы з ляснічым па кубачку гаючай вадзіцы, рушылі палявой дарогай да бальшака, дзе стаяла наша машына. У наступны раз, калі прыеду на сваю малую радзіму, абавязкова зноў схаджу да крыніцы, каб адведаць непаўторны смак крынічнай вады.
Сяргей РАЙЧОНАК.