Адзіны дзень інфармавання ў Станіславоўскім сельскім Савеце

Актуальное Общество

У час сустрэчы з жыхарамі аг. Васюкі.
У час сустрэчы з жыхарамі аг. Васюкі.

У мінулы чацвер прайшоў адзіны дзень інфармавання насельніцтва. У яго межах старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Ірынархавіч Баговіч і кіраўнік справамі райвыканкама Вольга Аляксандраўна Малюгіна сустрэліся з жыхарамі аграгарадка Васюкі і вёскі Алашкі. У складзе інфармацыйнай групы былі таксама старшыня Станіславоўскага сельвыканкама Алена Георгіеўна Сідарчук і намеснік дырэктара ААТ “Васюкі” Алег Мечыслававіч Перхуровіч. Тэмай адзінага дня інфармавання стала сацыяльна-эканамічнае развіццё Шаркаўшчынскага раёна за 2011—2015 гады.

Сустрэча з жыхарамі аграгарадка Васюкі прайшла ў мясцовым Доме культуры. Старшыня райвыканкама паведаміў прысутным пра асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за апошнюю пяцігодку. У прыватнасці, сёлета сельгаспрадпрыемствамі раёна атрыманы высокі ўраджай збожжа, якога намалочана звыш пяцідзесяці шасці тысяч тон. Ураджайнасць зерневых склала ў сярэднім 33 цэнтнеры з гектара. Гэты паказчык найбольшы за ўсю гісторыю Шаркаўшчынскага раёна. На сённяшні дзень ва ўсіх гаспадарках маюцца сучасныя зернесушыльныя комплексы, якія дазваляюць якасна дапрацоўваць збожжа з наступнай яго рэалізацыяй. Толькі за апошнія два гады іх пабудавалі ў ААТ “Васюкі”, “Жвіранка”, “Княж” і “Ельня-Агра”. Сёлета шаркаўшчынскія аграрыі атрымалі таксама высокі ўраджай азімага і яравога рапсу. Напрыклад, у ААТ “Ельня-Агра” гэта культура дала 27 цэнтнераў на круг. Паступова ў раёне ідзе будаўніцтва і мадэрнізацыя малочнатаварных ферм. Узводзяцца сучасныя жывёлагадоўчыя аб’екты ў ААТ “Княж”, “Ельня-Агра”, “Агратэхсэрвіс”, “Жвіранка”.

Асобна Мікалай Ірынархавіч Баговіч спыніўся на будаўніцтве ва ўрочышчы Скураты завода па перапрацоўцы торфу і вырабу з яго мінеральных удабрэнняў. Замежная кампанія ўжо інвеставала больш чым 1,5 мільёна долараў на ўзвядзенне дадзенага прадпрыемства. Зараз распрацавана 250 гектараў балотнага масіва для дабычы торфу. Пабудавана вузкакалейная чыгунка працягласцю пяць кіламетраў. На прадпрыемства завозіцца неабходнае абсталяванне, і ажыццяўляецца яго мантаж. Плануецца, што ў снежні-студзені на заводзе будзе выпушчана першая прадукцыя, якая, дарэчы, цалкам будзе пастаўляцца на экспарт. Адкрыццё прадпрыемства дазволіць працаўладкаваць з нашага раёна каля 25 чалавек.

У вёсцы Алашкі сустрэча з насельніцтвам прайшла ў музеі Івана Сікоры. Тут сабраліся нешматлікія мясцовыя жыхары і работнікі ўстановы культуры. Мікалай Ірынархавіч падзякаваў прысутным за вялікую сумесную работу па арганізацыі і правядзенні фестывалю “Яблычны фэст”, які сёлета атрымаў статус абласнога мерапрыемства. Кіраўнік раёна выказаў надзею, што ў далейшым свята на малой радзіме садавода-селекцыянера выйдзе на рэспубліканскі ўзровень, бо ўжо сёння далёка за межамі нашай вобласці і краіны вядомы брэнд Шаркаўшчынскага раёна, якім і з’яўляецца сікораўскі яблык.

Напрыканцы сустрэчы Мікалай Ірынархавіч выслухаў прапановы, пажаданні і пытанні ад прысутных. На кожнае з іх кіраўнік раёна даў кампетэнтныя адказы.IMG_8804 (Копировать) IMG_8805 (Копировать) IMG_8802 (Копировать)

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *