У сучаснай Беларусі культуры адводзіцца асаблівая роля: яна захоўвае нашу гістарычную памяць, вызначае ўзровень развіцця нашага грамадства, умацоўвае яго нацыянальную самасвядомасць. Сваімі адмысловымі сродкамі культура абуджае ў беларусах шчырыя патрыятычныя і грамадзянскія пачуцці.
Работнікі ўзгаданай сферы прыўносяць ў наша жыццё радасць зносін са светам мастацтва, прымнажаюць культурныя каштоўнасці, напаўняюць наш свет духоўнасцю і чалавечнасцю. Таму што работнікі культуры — энтузіясты. У іх усё пабудавана на душэўнасці. Яны больш аддаюць людзям, чым атрымліваюць узамен.
У Шаркаўшчынскім раёне шмат робіцца для таго, каб забяспечыць доступ да здабыткаў айчыннай і сусветнай спадчыны, адрадзіць і захаваць унікальныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, стварыць спрыяльныя ўмовы для існавання розных творчых кірункаў, даць магчымасць кожнаму чалавеку раскрыць здольнасці і таленты. І ў святы, і ў будні стваральнікі асаблівага свету прыгажосці дораць шаркаўчанам станоўчыя эмоцыі, зарад бадзёрасці і цудоўнага настрою.
Песні сямейнага дуэта Жанны і Уладзіміра Пундзісаў гучаць на ўсіх раённых канцэртах і фестывалях, галоўных урачыстасцях гарадскога пасёлка Шаркаўшчына. А асабістае шчасце і работа ў іх выпадку — паняцці неаддзялімыя адно ад аднаго.
Сваю сям’ю Жанна і Уладзімір Пундзісы стварылі 20 гадоў таму. З той пары гэта творчая сямейная пара амаль заўсёды разам — і ў жыцці, і на сцэне.
За гэты час падрыхтоўка да канцэртаў і выступленні на сцэне раённага Цэнтра культуры сталі для сям’і агульнай справай. Калі іх маленькаму сыну Макару было яшчэ толькі 4 гады, Жанна і Уладзімір упершыню вывелі яго на раённую сцэну. Маленькі Макар з задавальненнем спяваў сольна і ў дзіцячым калектыве “Карамелькі”, якім кіруе яго мама. Сёння Макар — студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, будучы “інжынер-праграміст”. У якасці прафесіі ён выбраў спецыяльнасць, звязаную з дакладнымі навукамі — матэматыкай і фізікай. Пры гэтым месца для творчасці ў яго жыцці будзе заўсёды, адзначае сам Макар. Бо ён усё ж — сын сваіх бацькоў, прыклад якіх заўсёды будзе перад вачамі.
Жанна Мікалаеўна пачала працаваць у сферы культуры ў нашым гарадскім пасёлку 26 гадоў назад. Яшчэ падчас вучобы ў Віцебскім вучылішчы культуры яна з’яўлялася ўдзельніцай калектыву “Талака” Віцебскай дзяржаўнай філармоніі. Пасля заканчэння вучобы Жанна вярнулася на малую радзіму ў Шаркаўшчыну. У Доме культуры пачынала працаваць культарганізатарам. На працягу апошніх 19 гадоў з’яўляецца намеснікам дырэктара раённага Цэнтра культуры. Пад яе кіраўніцтвам ажыццяўляюцца пастаноўкі большасці раённых мерапрыемстваў. Яна сама складае сцэнарыі, адказвае за арганізацыю многіх раённых святочных праграм. Жанна заўсёды з захапленнем выступае з эстраднымі музычнымі нумарамі на канцэртах, а таксама прымае ўдзел у раённых дзіцячых спектаклях і пастаноўках. Жыхары Шаркаўшчыны часам здзіўляюцца таму, як удала яна пераўвасабляецца ў той ці іншы вобраз і падчас спектакля нібы сапраўды пражывае жыццё таго ці іншага героя. Дарэчы, выдатна атрымліваецца ў Жанны выкананне адмоўных роляў.
Вялікае задавальненне ад сваёй творчай дзейнасці Жанна атрымлівае і як кіраўнік дзіцячай эстраднай студыі “Карамелькі”, якую наведваюць дзеці розных узроставых груп, пачынаючы з 4 гадоў. Прафесійна падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам Жанны музычныя кампазіцыі з удзелам маленькіх шаркаўчан здольныя ўпрыгожыць любое свята і любую сцэну.
А яшчэ Жанна — майстрыца на ўсе рукі. Яе вырабы радуюць вока і прыводзяць у захапленне.
Некалькі гадоў таму Жанна і Уладзімір Пундзісы стварылі эстрадны гурт “Рэзананс”, у якім і самі выступаюць у якасці салістаў, дэманструючы высокі ўзровень прафесійнага майстэрства.
Па словах Жанны, муж Уладзімір як на працы, так і ў асабістым жыцці заўсёды з’яўляецца для яе надзейнай падтрымкай і апорай. А сумесная творчасць і агульныя інтарэсы толькі ўмацоўваюць іх дружную сям’ю.
Пасля заканчэння Мінскага інстытута культуры Уладзімір быў накіраваны на працу ў Шаркаўшчыну. І вось ужо на працягу 27 гадоў працуе ў раённым Цэнтры культуры. Ён сам піша музыку, робіць музычныя апрацоўкі, іграе практычна на ўсіх музычных інструментах, паспяхова выступае на сцэне ў якасці саліста і з’яўляецца нязменным гукарэжысёрам усіх гарадскіх канцэртных праграм і святаў.
Па выніках працы за 2018 год Жанна Пундзіс была ўдастоена ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны-2018”. У 2020 годзе за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку і правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў Уладзімір Пундзіс узнагарожданы Ганаровай граматай Упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.
Без гэтай сямейнай пары ўжо немагчыма ўявіць шаркаўшчынскую сцэну. Іх выступленні заўсёды выклікаюць авацыі і гучныя апладысменты гледачоў. Жанна і Уладзімір стварылі паспяховы дуэт: і ў жыцці, і на сцэне. Творчыя, абаяльныя, занятыя любімай справай яны жывуць ў гармоніі з сабой і навакольным светам.
Дзякуючы такім работнікам культуры, як Жанна і Уладзімір Пундзісы, захоўваецца і жыве, мабыць, самае важнае — культура нашага народа. І меў рацыю той, хто аднойчы сказаў, што работнік культуры — гэта не прафесія. Гэта — прызванне!
А. МІХАЙЛАВА,
мастацкі кіраўнік
раённага Цэнтра культуры.
