Слова — дэлегату Усебеларускага народнага сходу: старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец

Актуальное

283 (Копировать)Сярод тых, хто прадставіць Шаркаўшчынскі раён на VI Усебеларускім народным сходзе, які пройдзе ў Мінску 11—12 лютага, — старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец. Наш карэспандэнт сустрэўся з Уладзімірам Серафімавічам і пацікавіўся, што асабіста для яго значыць дадзенае маштабнае мерапрыемства.
— Уладзімір Серафімавіч, Вы ўжо не першы раз з’яўляецеся дэлегатам ад Шаркаўшчынскага раёна на Усебеларускім народным сходзе. Што асабіста для сябе вы ўзялі на ўзбраенне?
— Так, раней я ўжо быў дэлегатам Усебеларускага народнага сходу і хачу адзначыць, што менавіта на такіх форумах абмяркоўваюцца і прымаюцца найбольш значныя прапановы па паляпшэнні ў рэгіёнах як эканамічнай, так і сацыяльнай сітуацыі, разглядаюцца праблемныя пытанні. Унесеныя ўдзельнікамі сходу прапановы дазволяць прапісаць у пяцігадовай праграме сістэмныя меры па развіцці не толькі краіны ў цэлым, але і канкрэтных рэгіёнаў, арганізацый, паляпшэнні дабрабыту нашых грамадзян. Бо мэтай правядзення такога маштабнага мерапрыемства з’яўляецца выпрацоўка стратэгіі развіцця краіны з улікам меркаванняў кожнага яе жыхара.
— Якіх змяненняў Вы чакаеце ў сацыяльна-эканамічным жыцці нашага рэгіёну?
— Усебеларускі народны сход мае вялікае значэнне для нашых грамадзян і Беларусі ў цэлым. За гэтыя пяць год у краіне было зроблена многае. Наша мэта — шчаслівыя людзі суверэннай квітнеючай Беларусі.
На бліжэйшую перспектыву ў Шаркаўшчынскім раёне плануецца рэалізацыя шматлікіх праектаў. Гэта будаўніцтва завода па вытворчасці драўляных модульных канструкцый у гарадскім пасёлку таварыствам з абмежаванай адказнасцю “Шаркаўшчынскі домабудаўнічы камбінат”. Рэалізацыя праекта дазволіць стварыць не менш 50 новых працоўных месц, забяспечыць рост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг) у 1,3 раза, рост сярэднямесячнай заработнай платы, экспарту тавараў па раёне.
Плануецца будаўніцтва таварыствам з абмежаванай адказнасцю “М ВУД ЭКСПАРТ” дрэваапрацоўчага прадпрыемства па вуліцы Рабочая ў г. п. Шаркаўшчына. Чакаемы вынік: сярэдняспісачная колькасць работнікаў — да 50 чалавек, рост сярэднямесячнай зарплаты, рост экспарту тавараў па раёне.
У межах Дзяржаўнай праграмы “Сацыяльная абарона” на 2021—2025 гады прадугледжана рэалізацыя праекта “Рэканструкцыя Александроўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў” з будаўніцтвам жылога корпуса на 105 месц у в. Александрова.
У студзені пачата рэалізацыя праекта “Капітальны рамонт з мадэрнізацыяй і добраўпарадкаваннем ДУА “Сярэдняя школа № 2” (першы пускавы комплекс). Праект рэалізуецца ў межах супрацоўніцтва з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця.
Будзе працягвацца работа па паляпшэнні якасці пітной вады. Сёлета павінен быць завершаны праект “Будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў аг. Більдзюгі”. На 2022 год плануецца будаўніцтва аналагічнай станцыі ў в. Гарадзец.
— Існуе меркаванне, што сельскія Саветы не ў поўнай меры выконваюць функцыі, якія павінны вырашаць праблемы стабільнай жыццядзейнасці вяскоўцаў. Ці згодныя Вы з гэтым выказваннем?
— На мой погляд, на сённяшні дзень сельскія Саветы выконваюць функцыі забеспячэння насельніцтва належным чынам. Разам з тым, неабходна ўнясенне змяненняў у фарміраванне бюджэту, у функцыянальныя абавязкі, павелічэнне штатнай колькасці, разгляд пытання аб колькасці дэпутатаў сельскага Савета.
— Што Вы чакаеце ад правядзення Усебеларускага народнага сходу?
— Усебеларускі народны сход — важная падзея для краіны. На гэтым маштабным форуме вызначаць палітыку дзяржавы на бліжэйшыя пяць год. Удзельнікі разгледзяць пытанні грамадска-палітычнага ўладкавання краіны, будуць вынесены для абмеркавання асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку. Яе прыняцце будзе садзейнічаць стабільнасці ў грамадстве і росту дабрабыту грамадзян. На Усебеларускі народны сход людзі ўскладаюць вялікія надзеі. Цяпер у раёне працуюць дыялогавыя пляцоўкі. Ад людзей паступаюць прапановы, просьбы. Грамадзяне могуць перадаць свае пытанні.
Для мяне як для дэлегата, як старшыні раённага Савета дэпутатаў вельмі важнымі з’яўляюцца пытанні, якія хвалююць вяскоўцаў.
У сацыяльна-палітычным плане мяне цікавяць далейшая работа грамадскіх арганізацый і палітычных партый, прафсаюзаў і патрыятычных сіл у Год народнага адзінства, работа выканаўчых камітэтаў, Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў. Я як дэпутат разлічваю, што будуць прапрацаваны пытанні павышэння ролі мясцовага кіравання і самакіравання, пашырэння іх паўнамоцтваў у сацыяльна-эканамічнай і іншых сферах.
Лічу, што асноўны акцэнт на VI Усебеларускім народным сходзе неабходна зрабіць на патрыятычным выхаванні маладога пакалення. Прыняць праекты на патрыятычнай аснове, каб у людзей было больш сумленнасці. Важна даць штуршок для паляпшэння жыцця грамадзян у некаторых аспектах.
— Уладзімір Серафімавіч, як Вы лічыце, ці атрымаецца агульнымі намаганнямі рэалізаваць запланаваныя мэты і задачы ў развіцці краіны на будучую пяцігодку?
— Я ўпэўнены, што на VI Усебеларускім народным сходзе будуць прыняты правільныя рашэнні, дзякуючы якім наступныя пяць год краіна будзе развіваца. Толькі агульнымі намаганнямі мы рэалізуем свае мэты і задачы.
— Прыярытэтамі развіцця краіны з’яўляюцца: шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна і дзяржава-партнёр. А якіх жыццёвых прыярытэтаў прытрымліваецеся Вы?
— Я згодзен і падтрымліваю, што шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна, дзяржава-партнёр — асноўныя прыярытэты нашай краіны, дзе ў цэнтры ўвагі — чалавек. Упэўнены, што сярод самых асноўных пытанняў будуць — клопат аб людзях, забеспячэнне іх сацыяльных правоў і гарантый, а таксама развіццё эканомікі як лакаматыва прагрэсу.
Грамадства трымаецца на сям’і. Шчаслівая сям’я — гэта ўмацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей, у аснове якіх знаходзіцца здаровы чалавек, фізічны і духоўны дабрабыт, выхаванне моладзі, забеспячэнне актыўнай старасці, клопат пра старэйшае пакаленне.
Моцныя рэгіёны — гэта камфортныя і бяспечныя ўмовы жыцця і працы, якасная і даступная сацыяльная інфраструктура, высокая мабільнасць, інвестыцыі ў новыя вытворчасці і вытворчая занятасць.
Інтэлектуальная краіна — гэта адукацыя і навучанне, развіццё навукі, падтрымка вынаходніцтваў і рацыяналізатарства, раскрыццё творчага патэнцыялу. Гэта адукацыйная сістэма новага тыпу, якая адказвае на выклікі сучаснага сацыяльна-тэхналагічнага ўкладу.
Дзяржава-партнёр — гэта ўмацаванне дыялогу і ўзаемнага даверу паміж дзяржавай і грамадствам, дзяржавай і чалавекам, дзяржавай і бізнэсам. Намаганні будуць накіраваныя на фарміраванне сацыяльнай стабільнасці і дабрабыту народа.
— Дзякуй, Уладзімір Серафімавіч, за змястоўную гутарку.
Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.