
А дзявятай гадзіне раніцы 25 лістапада ў Свята-Успенскай царкве было людна, бясконцай плынню падыходзілі людзі, пад’язджалі машыны. Вітаючыся адзін з адным, вернікі дадавалі: «Са святам!» З якім? Па-першае, са стагадовым юбілеем царквы, а па-другое, у гэты дзень прыязджаў чаканы і паважаны госць — архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, каб правесці ў храме святочную літургію. Калі архіепіскап з’явіўся ў двары ўпрыгожанага храма, на ганку яго прывіталі хлебам-соллю вучні нядзельнай школы. Праз некалькі хвілін у перапоўненым храме пачалася служба, пад прыгожыя ўзнёслыя спевы і словы малітваў прыхаджане задумаліся пра вечнае і высокае. Пасля літургіі працэсія святароў і прыхаджан накіравалася на вуліцу, каб прайсці хрэсным ходам вакол царквы. Падчас праходжання спыніліся каля магілы родных мучаніка Канстанціна Жданава (яго бацькоў —святара Дзмітрыя Жданава і матушкі Сафіі, жонкі Анны), каб ушанаваць іх памяць. Пасля малітвы вернікі вярнуліся ў храм, дзе архіепіскап Феадосій прачытаў пропаведзь, у якой расказаў пра ролю царквы ў жыцці грамадства. Чым далей людзі ад Бога, тым складаней ім жыць, тым болей яны грашаць. Трэба, каб столькі людзей, колькі прыйшло ў царкву ў гэты дзень, наведвала яе падчас кожнай службы.
Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі падараваў царкве важныя для вернікаў царкоўныя рэліквіі. Найперш гэта «Евангелле», якое было знойдзена ў труне святога Канстанціна Жданава, а таксама іконы Багародзіцы і Сына Божага. Кіраўніцтва раёна атрымала з рук архіепіскапа падарункі: іконы, рэлігійную літаратуру.
Старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч зазначыў, што вера ў Бога з’яўляецца абавязковай умовай стабільнасці ў грамадстве, нармальнага сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.
Успомнілі падчас службы тых шаркаўчан, якія сто гадоў таму прымалі ўдзел у будаўніцтве храма, а іх нашчадкі, што прысутнічалі ў гэты дзень у храме, атрымалі падарункі.
Юбілей царквы — цудоўная магчымасць узгадаць тых людзей, якія прымаюць актыўны ўдзел у жыцці прыхода, а таксама дапамагалі тым ці іншым чынам рыхтавацца да святочных мерапрыемстваў. Найперш гэта, вядома, настаяцель царквы святар Васілій Стрыжнёў. На яго ляглі найвялікшыя адказнасць, клопат і хваляванні. Трэба сказаць, што яго дзеці Насця і Серафім заўсёды дапамагаюць бацьку ў правядзенні службы. Разам са сваімі вучнямі рыхтаваліся да юбілею выкладчыкі нядзельнай школы Ала Уладзіміраўна Сікора, Наталля Мікалаеўна Згірская і Галіна Аркадзьеўна Буйка. Дарэчы, Галіна Аркадзьеўна правяла вялізны аб’ём работы па зборы матэрыялаў па гісторыі царквы, пра яе стваральнікаў. На іх аснове яна падрыхтавала выставу і выдала брашуру з летапісам жыцця царквы. Варта ўзгадаць Вольгу Баброўскую і Марыю Ліпскую, якія на добраахвотных пачатках бескарысліва выконваюць гаспадарчыя работы. Яны незаўважныя, але без іх немагчыма дзейнасць царквы. Жанчыны шторанак прапальваюць печ у храме, займаюцца ўборкай. Прыхаджанін Віктар Фёдаравіч Ліпскі аказаў вельмі патрэбную дапамогу пры падрыхтоўцы будынка царквы, не адмаўляўся прыкласці руку там, дзе неабходна было падрамантаваць, падфарбаваць. Часта можна сустрэць у храме шаркаўшчынскага мастака Віктара Фёдаравіча Крука, які, калі ёсць такая магчымасць, выконвае абавязкі панамара. Правядзенне службы ў храме немагчыма без пеўчых, гэта Леакадзія Фёдараўна Згірская (кіраўнік), Зоя Васільеўна Ліпская, Вера Веніямінаўна Свілёнак, Таісія Іванаўна Лысёнак, Ала Веніямінаўна Бука, Уладзіслава Фёдараўна Аксючыц, Наталля Аляксееўна Конах, Клеапатра Канстанцінаўна Пухальская, Надзея Вячаславаўна Мядзюха, Ала Іванаўна Зянькова, Анна Васільеўна Лобах, Кацярына Канстанцінаўна Карман, Жанна Зялёнка, матушка Валянціна Стрыжнёва. Продажам свечак і іншых царкоўных прыналежнасцяў, прыёмам заказаў ад прыхаджан займаецца Зоя Станіславаўна Ліпская. Антаніна Уладзіміраўна Бутар дасканала ведае ход вядзення службы, і ёй дазволена выконваць панамарскія абавязкі. Да юбілею царквы была прымеркавана ўрачыстасць у РДК, Васілій Стрыжнёў і прыхаджане выказваюць падзяку арганізатару мерапрыемства Жанне Пундзіс, усім культработнікам і самадзейным калектывам, якія рыхтавалі яго.
Такім чынам, можна сказаць, што шаркаўчане годна адсвяткавалі стагоддзе сваёй духоўнай святыні. Пажадаем, каб і ў будучым не пуставалі сцены храма, каб заўсёды наведвалі яго вернікі. Бо, як сказаў архіепіскап Феадосій, жыць трэба з Богам у душы.
Андрэй БУРЭЦ






Фота Марыны ЖАКАЎКА







