Пра тое, якія пытанні вырашалі спецыялісты аддзела землеўпарадкавання райвыканкама ў 2020 годзе, расказаў яго начальнік Андрэй Шынкевіч

Актуальное

507 (Копировать)21 лютага сваё прафесійнае свята будуць адзначаць работнікі землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы. Пра тое, якія пытанні вырашалі спецыялісты аддзела землеўпарадкавання райвыканкама ў 2020 годзе, расказаў яго начальнік Андрэй Шынкевіч.
— Работнікі нашага аддзела ажыццяўляюць кантроль за выкарыстаннем і аховай зямель, выяўляюць невыкарыстоўваемыя або нерацыянальна выкарыстоўваемыя землі і ўносяць на разгляд райвыканкама прапановы аб далейшым іх пераразмеркаванні, — тлумачыць Андрэй Пятровіч. — Таксама разглядаюць матэрыялы аб прадастаўленні ўчасткаў пад індывідуальнае будаўніцтва, працуюць са зваротамі грамадзян, якія адносяцца да пытанняў зямельнага заканадаўства, вырашаюць шэраг іншых важных пытанняў.
Так, за 2020 год аддзелам землеўпарадкавання падрыхтавана 149 праектаў рашэнняў райвыканкама, з іх 41 — па юрыдычных асобах і індывідуальных прадпрымальніках і 108 — па іншых грамадзянах. Па сельскіх Саветах падрыхтавана 165 праектаў рашэння ў адносінах да грамадзян.
Спецыялістамі аддзела землеўпарадкавання сумесна са старшынямі сельскіх Саветаў праводзіцца работа па выяўленні невыкарыстоўваемых зямельных участкаў у межах сельскіх населеных пунктаў, якія незапатрабаваны грамадзянамі для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі, сенакашэння і выпасу жывёлы, агародніцтва, і перадачы гэтых зямель сельскагаспадарчым арганізацыям. За мінулы год агульная плошча такіх зямельных участкаў, перададзеных сельгасарганізацыям раёна, склала 25 гектараў.
У межах Указа № 357 ад 4 верасня 2018 года “Аб пустуючых і старых дамах” за 2020 год знесена 24 такія дамы. Праведзены адзін аўкцыён па продажы зямельнага ўчастка на права заключэння дагавора арэнды для размяшчэння гандлёвага аб’екта ў гарадскім пасёлку.
У мінулым годзе праводзілася работа па будаўніцтве меліярацыйнай сістэмы ў ААТ “Ельня-Агра” на плошчы 166 га. Ачышчана 70 кіламетраў меліярацыйных каналаў, скошана 737 кіламетраў. Своечасова праводзіцца абкос уздоўж аўтамабільных дарог, выдаленне кустарнікавай расліннасці.
Калектыў аддзела своечасова і аператыўна спраўляецца з пастаўленымі перад намі задачамі і планамі. Безумоўна, што работы ў нас заўсёды шмат. У складзе аддзела на сённяшні дзень працуюць 3 супрацоўнікі. Землеўпарадкавальную службу раёна я ўзначальваю пяць гадоў. На працягу шасці гадоў галоўным спецыялістам працуе Яўгеній Сцяпанаў. А яго калега Дзмітрый Лялека працуе з кастрычніка 2019 года.
Напярэдадні прафесійнага свята хачу выказаць словы ўдзячнасці сваім калегам за сумленныя адносіны да даручанай справы, аператыўнасць і кампетэнтнасць у вырашэнні задач. Асаблівыя словы падзякі адрасую ветэранам галіны, якія шмат год працавалі ў нашым калектыве, а цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Хачу пажадаць ім моцнага здароўя, жыццёвай энергіі і доўгіх год жыцця.
Будзем заўсёды памятаць, што зямля — гэта найважнейшы прыродны рэсурс, надзейны капітал, аснова эканомікі краіны. Усім нам трэба яе цаніць і берагчы, правільна выкарыстоўваць, захаваць для будучых пакаленняў.
Сяргей РАЙЧОНАК.