24 лютага з чарговым рабочым візітам наш раён наведаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Сільчонак.
Павел Матвеевіч сустрэўся з працоўным калектывам жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Парламентарый падрабязна расказаў прысутным аб заканадаўчай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў. Паведаміў, над якімі законапраектамі цяпер працуюць дэпутаты, якім чынам разглядаюцца тыя або іншыя прапановы па змяненні і дапаўненні існуючых нарматыўна-прававых дакументаў.
Павел Матвеевіч асобна спыніўся на тэме правядзення VI Усебеларускага народнага сходу, удзельнікам якога ён з’яўляўся. Дэпутат данёс да прысутных асноўныя тэзісы і вытрымкі з выступленняў на рэспубліканскім форуме кіраўніка дзяржавы, грамадскіх і палітычных дзеячаў.
Парламентарый сустрэўся таксама з выкладчыкамі Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў. Павел Матвеевіч паведаміў, якія пытанні ў дадзены момант разглядаюцца ў парламенце і адносяцца да сферы культуры. Ён засяродзіў увагу на тым, што і ў час правядзення VI Усебеларускага народнага сходу быў разгледжаны шэраг пытанняў далейшага развіцця культуры нашай краіны. Дэпутат падкрэсліў, што асаблівая ўвага будзе нададзена беражлівым адносінам да аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Будзе павялічаны доступ да паслуг культуры. Плануецца стварэнне электронных каталагаў гісторыка-культурных помнікаў Рэспублікі Беларусь і распрацоўка онлайн-пляцоўкі для дэманстрацыі культурных падзей і г. д.
У той жа дзень Павел Сільчонак правёў “прамую тэлефонную лінію” для жыхароў гарадскога пасёлка і раёна, а таксама прыём грамадзян па асабістых пытаннях.
Сяргей РАЙЧОНАК.



