У сэрцах застаўся назаўсёды. Калегі ўспамінаюць Станіслава Верушэўскага

Сельское хозяйство

025 (Копировать)Вельмі горка і балюча, калі адыходзяць у вечнасць знаёмыя людзі, удвая цяжэй, калі нас назаўсёды пакідаюць родныя, сябры, аднадумцы.
28 студзеня не стала цудоўнага чалавека — Станіслава Альфонсавіча Верушэўскага. 3 лютага яму б споўнілася 70 год. Цяжкая хвароба бязлітасна вырвала яго з жыцця. З жыцця, якое ён так любіў. Страшная вестка пра смерць Станіслава Альфонсавіча стала вялікім ударам для яго родных, былых калег. У Станіслава Альфонсавіча было абвостранае пачуццё справядлівасці. Яго хвалілі і крытыкавалі, маглі любіць і не любіць, але ніхто не заставаўся абыякавым да яго спраў. У яго быў талент пераконваць, адстойваць свой пункт погляду.
Станіслаў Альфонсавіч нарадзіўся 3 лютага 1951 года ў вёсцы Дуліна Шаркаўшчынскага раёна. У 1967 годзе скончыў Друйскае сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. У гэтым жа годзе пачалася яго працоўная дзейнасць. Ён стаў машыністам экскаватара будаўніча-мантажнага ўпраўлення рыбнай гаспадаркі БССР у Мінску. Пасля службы ў войску працаваў у мясцовай сельгастэхніцы. Затым на працягу трох гадоў — брыгадзірам саўгаса імя Маркава. З 1978-га па 1981 гады з’яўляўся намеснікам старшыні калгаса “Усход”. А ў 1981 годзе ўзначаліў калгас “Свабода”.
Пры гэтым за сямнаццаць год пад кіраўніцтвам Станіслава Верушэўскага калгас пераўтварыўся ў эканамічна моцную гаспадарку са стабільным і надзейным калектывам спецыялістаў і працаўнікоў. Вяскоўцы, якія працавалі ў гэтым калгасе, пачалі атрымліваць добрую заработную плату, а сама гаспадарка мацнела і развівалася, была адной з самых перадавых не толькі ў раёне, але і ў вобласці.
У 1998 годзе ініцыятыўны кіраўнік узначаліў Александроўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. На гэтай пасадзе Станіслаў Альфонсавіч адпрацаваў да выхаду на заслужаны адпачынак.
Прыярытэтным накірункам у сваёй дзейнасці ён лічыў стварэнне спрыяльных умоў пражывання і адпачынку састарэлых і інвалідаў. Акцэнт у рабоце Станіслаў Верушэўскі рабіў і на ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы сацыяльнай установы. На тэрыторыі дома-інтэрната ўзводзіліся новыя аб’екты: жылы корпус, летняя танцавальная пляцоўка, гараж для аўтамабіляў і зернеўборачнага камбайна, памяшканні для свіней і авечак, цялятнік для ўтрымання буйной рагатай жывёлы.
Значная ўвага надавалася падсобнай гаспадарцы, дзякуючы якой пражываючыя ў доме-інтэрнаце былі на 100 працэнтаў забяспечаны малаком і гароднінай, на 60 працэнтаў — мясам. За час работы Станіслава Альфонсавіча ў доме-інтэрнаце павялічылася пагалоўе жывёлы. Для сельскагаспадарчых работ набылі трактар “Беларус” МТЗ-82 і камбайн Дон-1500.
Работа кіраўніка дома-інтэрната па заслугах ацаніла дзяржава. У 2012 годзе Станіслаў Верушэўскі атрымаў ганаровае званне “Чалавека года Віцебшчыны”. Ён таксама ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Падчас працы ў саўгасе імя Маркава Станіслаў Альфонсавіч атрымаў бронзавы медаль ВДНГ СССР “За дасягненні ў сельскай гаспадарцы”. Ён двойчы быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Ганаровымі граматамі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта.
Станіслаў Альфонсавіч неаднаразова падкрэсліваў, што надзейным памочнікам і аднадумцам была для яго спадарожніца жыцця — жонка Зоя Сяргееўна. Разам яны нарадзілі і выгадавалі двух дзяцей — сына Дзмітрыя і дачку Надзею. Разам дачакаліся двух унукаў і ўнучку.
…Чалавек жыве столькі, колькі жыве памяць аб ім. Кожнаму з нас адведзены свой тэрмін жыцця на Зямлі. Як пражыць дадзены час, гэта справа кожнага. Якая памяць застанецца пра кожнага з нас — залежыць ад нас саміх. Станіслаў Альфонсавіч пакінуў свой след на Зямлі ў сэрцах і душах сваіх родных, калег.
Былыя калегі і ветэраны працы Александроўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў.