Добрыя вынікі паказвае калектыў работнікаў малочнатаварнай фермы Наваселле ААТ «Агратэхсэрвіс»

Сельское хозяйство

Валавы надой малака за 10 месяцаў года ў ААТ “Агратэхсэрвіс” склаў 6351,3 тоны. Па гэтаму паказчыку гаспадарка займае другое месца ў раёне пасля ААТ “Жвіранка”. А на карову надаілі па 4297 — крыху не дагналі ААТ “Даватарскі”. Вялікая заслуга ў гэтым і работнікаў малочнатаварнай фермы Наваселле. Пакуль жывёла была на пашы, тут правялі рэканструкцыю будынкаў. Цяпер ва ўсіх трох памяшканнях дзейнічае малакаправод. Праўда, спачатку нязвыкла было калектыву з 12 даярак прывыкнуць да новаўвядзення, але пераканаўшыся, што такі метад аблягчае працу, пагадзіліся.
На зімова-стойлавыя рацыёны кармлення буйную рагатую жывёлу перавялі, як і рэкамендавалася, у канцы верасня. Таму ў пераходны перыяд не назіралася рэзкага спаду прадукцыі. Тэмпы росту вытворчасці малака ў параўнанні з такім перыядам мінулага года ўзраслі на 28  працэнтаў. Павялічылася пагалоўе кароў, кармавая база з улікам канцэнтратаў не горшая, чым у мінулыя гады.
Варта сказаць, што перад пачаткам стойлавага ўтрымання жывёлы на ферме прайшоў дзень жывёлавода, дзе галоўны эканаміст Рэгіна Браніславаўна Невярковіч азнаёміла прысутных з  аплатай ў сувязі з новымі ўмовамі працы. А нядаўна на дні жывёлавода падводзіліся вынікі работы працаўнікоў за 10 месяцаў года. Валавы надой малака па ферме склаў 2402 тоны, што на 527 больш папярэдняга года. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў па гаспадарцы. Таварнасць малака адпавядае 91 працэнту. Калі ў цэлым па гаспадарцы гатункам “экстра” рэалізавана дзяржаве 32 працэнты, то па ферме Наваселле — 42.
Як заўсёды ў калектыве ёсць свае лідары. Алёна Леанідаўна Рачыцкая (яе калектыў вылучыў старшай даяркай) надаіла спачатку года 208 тон прадукцыі. На карову атрымліваецца па 5050 кілаграмаў. Другое месца ў спаборніцтве трымае Таццяна Пятроўна Дабравольская. Яе паказчык — 202 тоны, на карову прыходзіцца па 4277 кілаграмаў.
Памяшканні новыя, умовы працы палепшыліся, а клопаты застаюцца ранейшыя — атрымаць, як мага больш прадукцыі.
Кацярына СОСНА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *