Бібліятэкар Людміла Казіцкая расказала пра старажытнабеларускую літаратуру

Культура

463 (Копировать)Беларуская літаратура Х—ХVІ стагоддзяў — неацэнны духоўны набытак нацыі. Творчая спадчына Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Сымона Буднага і іншых — найвялікшая гісторыка-культурная каштоўнасць дзяржавы і народа. Аб гэтым ішла гаворка на адным з мерапрыемстваў у дзіцячай бібліятэцы.
Бібліятэкар Людміла Казіцкая правяла для вучняў 8 класа сярэдняй школы № 1 літаратурную гадзіну, прысвечаную гісторыі ўзнікнення старажытнай беларускай пісьменнасці, выдатных твораў мінулых часоў.
— У беларускай літаратуры Х—ХVІ стагоддзяў найбольш поўна выявіліся інтэлектуальныя пошукі і памкненні беларускага народа, знайшлі адлюстраванне міжасабовыя, міжэтнічныя і міждзяржаўныя стасункі, — расказала вучням Людміла Аляксандраўна. — З’яўленню першых літаратурных твораў на Беларусі папярэднічаў амаль стогадовы перыяд развіцця славянскага пісьменства з моманту яго стварэння Кірылам і Мяфодзіем у ІХ стагоддзі. Гэта даволі значны час, цалкам дастатковы, каб былі створаны неабходныя перадумовы для фарміравання мастацкай літаратуры.
Старажытнабеларуская літаратура падзяляецца на дзве асноўныя плыні — свецкую і рэлігійную. У многіх творах дамінуюць грамадскія тэмы, рэалістычныя сюжэты і матывы, у іншых — рэлігійныя і містычныя. Старажытнабеларуская літаратура стваралася як свецкімі асобамі, так і прадстаўнікамі духоўнага саслоўя — святарамі, манахамі.
На мерапрыемстве прысутнічаў настаяцель праваслаўнай царквы іконы “Усіх смуткуючых Радасць” протаіерэй Віктар Валашчук. Свяшчэннік расказаў вучням пра значэнне слова “біблія”, паведаміў пра тое, які глыбокі сэнс у сабе нясе змест гэтай найважнейшай кнігі, дзе цалкам можна знайсці адказы на ўсе жыццёвыя пытанні.
Наогул, як падкрэсліла Людміла Казіцкая, любая кніга духоўнай накіраванасці робіць нас мудрымі, гуманнымі, вучыць дабру і праўдзе. У цяперашні час імклівага развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу вельмі важна не забываць чытаць кнігі, ведаць сваю багатую духоўную спадчыну, каб у будучым перадаць яе нашчадкам.
Сяргей РАЙЧОНАК.