12 гадоў у Васюкоўскай бібліятэцы працуе А. У. Пагарэлава. Дарэчы, Алена Уладзіміраўна не мясцовая жыхарка. Яна нарадзілася і жыла на Магілёўшчыне. У 1986 годзе маленькая Алена пераехала жыць у Глыбоцкі раён — гэта адбылося з-за аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Затым з сям’ёй перасяліліся ў Станіславова, зараз Алена Уладзіміраўна жыве ў Жданах. Сын Ігар вучыцца ў Полацкім лясным каледжы, дачка Таня — вучаніца 4 класа Станіславоўскай БШ. Муж заўчасна пайшоў з жыцця.
З Аленай Уладзіміраўнай можна гадзінамі гутарыць пра бібліятэчныя справы.
— Сёлета, у Год кнігі, у Васюкоўскай бібліятэцы папоўніўся кніжны фонд — 30 экземпляраў набыта за кошт гаспадаркі — ААТ “Васюкі”. Каля трох дзясяткаў кніг бібліятэцы падарылі чытачы ў ходзе акцыі “Падары бібліятэцы кнігу”, — расказвае Алена Уладзіміраўна. — Пачалася зіма, а гэта азначае, што стане больш наведвальнікаў. Справа ў тым, што ўлетку ў вёсцы дарослым чытаць некалі. А зараз, зімовымі вечарамі, можна сесці за кнігу.
Як высветлілася, Алена Уладзіміраўна рэгулярна наведвае Станіславоўскую БШ — носіць дзецям усю неабходную ім літаратуру. У зоне абслугоўвання Васюкоўскай бібліятэкі Станіславова, Жданы, Мішуты, Лабуці і Чуйкі. На сённяшні дзень маецца 260 чытачоў, з іх 54 — дзеці. Да іх паслуг 8-тысячны кніжны фонд.
— У кожнага свой густ, — дзеліцца назіраннямі бібліятэкар. — Пенсіянеры любяць ваенную літаратуру, жанчыны аддаюць перавагу любоўным раманам і дэтэктывам. Школьнікі чытаюць, на жаль, толькі тое, што трэба па праграме.
Гаспадыня кніжнага храма рэгулярна ладзіць выставы. Ёсць экспазіцыя да Года кнігі. Адразу кідаецца ў вочы выстава “Спадчына песняроў”, прысвечаная 130-годдзю нараджэння Я. Коласа і Я. Купалы.
Алена Уладзіміраўна расказала, што ў бібліятэку на экскурсію прыходзяць выхаванцы мясцовага дзіцячага сада — трэба ж дзяцей з малых гадоў зацікавіць кнігай.
Як журналіст, не мог на пацікавіцца ў бібліятэкара ці чытаюць людзі перыёдыку. “Канечне, чытаюць, — упэўнена адказала Алена Уладзіміраўна. — Бібліятэка выпісвае дзевяць экземпляраў газет. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца наступныя — ваша “раёнка”, “Советская Белоруссия” і “Аргументы и факты”. Ёсць пастаянныя прыхільнікі і ў «Криминального обозрения”.
Пасля гутаркі з гаспадыняй Васюкоўскага кніжнага храма выйшаў адтуль з цвёрдым перакананнем — любоў да кнігі ў народзе жыве. У наш хуткаімклівы час, калі паўсюдна ўкараняюцца камп’ютарныя тэхналогіі і аддаецца перавага інфармацыі на электронных носьбітых, людзі не забыліся пра кнігу. Асабліва гэта тычыцца вяскоўцаў і прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Дарэчы, вялікі ўклад у справу папулярызацыі кнігі ўносяць такія людзі, як Алена Пагарэлава.
Аляксандр БАРЫЛА
