Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС адбылася 35 гадоў назад. Але яе наступствы жыхары Украіны, Беларусі і Расіі будуць адчуваць яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Вялікая колькасць мясцовага насельніцтва Гомельскай, Брэсцкай, Магілёўскай абласцей назаўсёды пакінула родныя мясціны, многія заплацілі за нядбайнасць і непрадбачлівыя дзеянні ўлад сваім здароўем, нават жыццём. Савецкае кіраўніцтва не пашкадавала людзей. Рэжым сакрэтнасці вакол усіх праблем чарнобыльскай катастрофы забараняў шырокае апавяшчэнне аб узроўні і ўздзеянні радыяцыі на здароўе чалавека, і гэта прывяло да дадатковага апраменьвання насельніцтва.
Без перабольшвання можна сказаць, што ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года пацярпела большасць насельніцтва Беларусі. Ліквідатараў і перасяленцаў катастрофа закранула больш, чым іншых. Сёння ў Беларусі налічваецца звыш 100 тысяч чалавек, якія ліквідавалі наступствы самай вялікай тэхнагеннай катастрофы за ўсю гісторыю чалавецтва. 48 з іх — з Шаркаўшчынскага раёна.
Гэтыя людзі працавалі там вахтавым метадам з 1986 па 1989 гады. Сярод іх — прадстаўнікі самых розных прафесій. Гэта не толькі пажарныя, якія працавалі непасрэдна на атамнай станцыі. Самыя розныя спецыялісты выконвалі шэраг работ па эвакуацыі, адсяленні насельніцтва, дэзактывацыі (выдаленні радыёактыўных рэчываў з забруджанай тэрыторыі), будаўніцтве, забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва. Вялікая колькасць людзей у першыя, самыя складаныя дні, была задзейнічана на тых або іншых відах работ. У іх ліку і дырэктар Шаркаўшчынскага філіяла “Віцебскаблпаліў” Міхаіл Уладзіміравіч Фамянок.
— У 1986 годзе я жыў у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці, — кажа Міхаіл Уладзіміравіч. — У той час працаваў старшынёй калгаса “Знамя камунізма”. Назаўсёды ў маёй памяці застанецца тая вясна. Абуджалася зямля, сельгаспрадпрыемства актыўнымі тэмпамі праводзіла пасяўную кампанію. Тады мала хто верыў, што здарылася такая страшная бяда — аварыя на атамнай электрастанцыі. Пра многае ўлады не паведамлялі, каб не ствараць паніку сярод насельніцтва. Я дапамагаў перасяляць людзей у іншыя рэгіёны. У саўгас “Дзернавічы” Нараўлянскага раёна было пераселена амаль 60 сем’яў. Загадзя там пабудавалі ўсю неабходную інфраструктуру: жылыя дамы, дзіцячы сад, школу. З сабой людзям дазвалялася браць толькі асабістыя рэчы, грошы і дакументы. Лёс так распарадзіўся, што я і мая сям’я змянілі месца жыхарства. У 1991 годзе мы пераехалі ў вёску Радзюкі Шаркаўшчынскага раёна.
Хоць з таго часу прайшло 35 год, трагедыя на Чарнобыльскай АЭС болем адгукаецца ў сэрцы. Па начах сняцца родныя мясціны, сваякі. У думках пастаянна я вяртаюся туды, дзе прайшло маё дзяцінства і маладосць.
Даведка
26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны 47 секунд на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух, які цалкам разбурыў рэактар. Будынак энергаблока часткова разваліўся, пры гэтым загінулі два чалавекі. У многіх памяшканнях пачаўся пажар. У выніку аварыі ў навакольнае асяроддзе трапіла вялікая колькасць радыёактыўных рэчываў. Па дадзеных экспертаў, сумарны выхад радыёактыўных матэрыялаў склаў 50 мільёнаў кюры. Пры гэтым 70 працэнтаў шкодных рэчываў трапіла на тэрыторыю Беларусі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
