15 чэрвеня дырэктар філіяла дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 26 ААТ “Дарожна-будаўнічы трэст № 1 г. Віцебск” Уладзімір Цімафеевіч Серыкаў адзначыў 70-годдзе з дня нараджэння.
У далёкім 1971 годзе, пасля заканчэння Гомельскага дарожна-будаўнічага тэхнікума па размеркаванні малады спецыяліст трапіў на працу ў Шаркаўшчыну, а менавіта ў дарожна-будаўнічы раён № 26 (так у той час называлася дарожна-будаўнічае ўпраўленне № 26).
Пачаў працаваць на пасадзе тэхніка, упэўнена крочыў па кар’ернай лесвіцы: майстар, прараб, начальнік вытворча-планавага аддзела, а ў 2010 годзе ўзначаліў арганізацыю.
У 1970-1980-я гады ішло інтэнсіўнае будаўніцтва дарог не толькі ў нашым раёне, але і ў Браслаўскім, Міёрскім, Глыбоцкім, Пастаўскім. І паўсюдна на ўзвядзенні шляхоў зносін былі задзейнічаны шаркаўчане. Працавалі нават за межамі Віцебскай вобласці: на Гродзеншчыне, Магілёўшчыне, будавалі Мінскую кальцавую аўтадарогу. Тысячы кіламетраў аўтатрас разам з іншымі работнікамі ДБУ № 26 праклаў і Уладзімір Цімафеевіч.
Разам з ім працавала ў адной арганізацыі, у аддзеле тэхнагляду, спадарожніца жыцця — жонка Марыя Антонаўна. Удваіх яны нарадзілі і выхавалі сыноў Андрэя і Дзмітрыя. Дарэчы, Дзмітрый зараз працягвае справу бацькі — працуе ў адной з дарожных арганізацый горада Мінска.
У цяперашні час вельмі цяжка знайсці патрэбныя аб’ёмы работы, каб забяспечыць дастойным заробкам працаўнікоў. Тым не менш, дзякуючы граматнаму і вопытнаму кіраўніку, якім з’яўляецца Уладзімір Цімафеевіч, шаркаўчане шчыруюць на Аршаншчыне, Пастаўшчыне. У бліжэйшы час плануюць паехаць на будаўніцтва дарогі ў Расійскую Федэрацыю, а менавіта ў Краснадар.
З нагоды юбілейнага дня нараджэння старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака павіншаваў Уладзіміра Цімафеевіча з адметнай датай у жыцці, пажадаў моцнага здароўя і даўгалецця, а таксама ўручыў юбіляру Ганаровую грамату райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё дарожнай гаспадаркі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
