
15 снежня ў межах рэспубліканскай акцыі «Прафілактыка і ТЫ» у раённым Доме культуры прайшла сустрэча з вучнямі 8-9-ых класаў Шаркаўшчынскіх СШ № 1 і № 2. Сустрэча атрымалася змястоўнай і дала прысутным шмат інфармацыі для роздуму.
Напачатку слова было прадастаўлена старшаму ўчастковаму інспектару інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Мікалаю Яўгеньевічу Зубовічу. У сваім выступленні ён расказаў пра стан падлеткавай злачыннасці ў раёне. Як паказвае статыстыка, большасць злачынстваў здзейсняецца ў стане алкагольнага ап’янення. Гэта правіла адносіцца як да дарослых, так і да непаўналетніх. Ужыўшы алкаголь, чалавек ужо не можа кантраляваць сябе і не адказвае за свае ўчынкі. А вось для закона знаходжанне ў нецвярозым стане толькі абцяжарвае злачынства. Надыходзяць навагоднія святы, час, калі большасць насельніцтва ў той ці іншай колькасці будзе ўжываць алкаголь. Але калі дарослыя маюць на гэта права, то асобам да 18 гадоў распіццё спіртнога забаронена, а за парушэнне заканадаўства прадугледжана крымінальная адказнасць. У Новы год супрацоўнікі РАУС будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме, асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца падлеткам. Таму лепей не азмрочваць сабе і сваім бацькам свята непрыемнасцямі з законам.
Урач-нарколаг УАЗ «Шаркаўшчынская ЦРБ» Генрых Мікалаевіч Качан закрануў тэму негатыўнага ўздеяння алкаголю на здароўе і псіхіку. Чалавек, трапіўшы ў алкагольную залежнасць, губляе чалавечае аблічча, ператвараецца ў жывёлу. Але нашмат страшнейшае ўздзеянне алкаголь аказвае на малады арганізм: ён тармозіць яго нармальнае развіццё, негатыўна сказваецца на фарміраванні асобы. Алкаголь не з’яўляецца жыццёвай неабходнасцю, але статыстычныя дадзеныя паказваюць, што ў нашай краіне для многіх ён такім становіцца. Генрых Мікалаевіч заклікаў маладых людзей не паўтараць памылкі дарослых.
А да чаго могуць прывесці першыя сто грам, ужытыя за кампанію ці са звычайнай цікавасці, у жорсткай і даходлівай форме прадэманстраваў дакументальны фільм «Будзем жыць?». Поўная дэградацыя асобы, злачынствы і забойствы, няшчасныя выпадкі, паламаныя лёсы і нешчаслівае дзяцінства тых малышоў, якія нарадзіліся ў сям’і алкаголіка. Таксама быў паказаны фільм «Праўда пра табак», у якім тлумачылася тая шкода, якую наносіць арганізму яшчэ адна прывабная атрута — нікатын.
Загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Рычардаўна Рымдзёнак правяла аналіз вынікаў анкетавання сярод вучняў 8-9-х класаў школ гарадскога пасёлка. А яны, на жаль, не такія добрыя. Так, сярод 224 апытаных ужо ёсць юнакі і дзяўчаты, якія кураць, перыядычна ўжываюць алкагольныя напоі.
Няхай жа праведзеная сустрэча прымусіць іх задумацца, куды вядзе гэты шлях, на якім яны ўжо зрабілі першыя крокі.
Андрэй БУРЭЦ.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
