Чаму мы святкуем Новы год?

Актуальное

Амаль усе людзі ў нашай краіне святкуюць Новы год. А чаму? Ці задавалі мы сабе калі-небудзь гэтае пытанне: што мы святкуем?

Зразумела, што Новы год — гэта час забаваў і танцаў, гірляндаў, агней і пятардаў. Але ці памятаем, што святкаванне Новага года мае выключна хрысціянскую традыцыю і сэнс?

У заходняй Літургіі 31 снежня ўспамінаецца Святы Айцец Сільвест І (памёр у 335 г.), аднак традыцыя святкавання Новага года звязана з асобай Святога Айца Сільвестра ІІ, які жыў у 945—1003 гг.

Традыцыя святкавання Новага года распачалася ў 1000 годзе. Паводле прароцтва Сібіллі лічылася, што канец свету наступіць 31 снежня 999 года. Гэтая дата прыпадала на час пантыфікату Сільвестра ІІ (2 красавіка 999—12 мая 1003).

Уявіце сабе, што тысячы жыхароў з розных краін Еўропы прыйшлі ў Рым на плошчу святога Пятра, каб сустрэць канец свету. Усе маліліся і прасілі ў Бога міласэрнасці і прабачэння за грахі. Стрэлкі гадзінніка набліжаліся да поўначы… Гадзіннік прабіў 12 і …наступіў новы дзень. Усе былі збянтэжаныя.

Святы Айцец Сільвестр ІІ выйшаў на балкон базылікі, удзяліў упершыню ўрачыстае благаслаўленне гораду і свету, а пасля сказаў: “Радуйцеся і весяліцеся!!! Бог дае нам яшчэ адзін год!”.

І так, з года ў год, мы чакаем Новага года. У розных народаў узніклі свае звычаі святкавання, аднак сэнс не змяніўся. Мы маем час кожнага года, каб зрабіць нашае жыццё лепшым, штосьці змяніць і наблізіцца да Бога. Складаем адзін аднаму пажаданні і віншуем з Новым годам і заўсёды спадзяёмся, што у надыходзячым годзе да нас прыйдуць поспех і шчасце.

Што прынясе нам новы год — не ведаем, аднак штогод мы з радасцю святкуем Новы год, які наступае, і павінны памятаць, што Бог дае нам яшчэ час, каб мы падрыхтаваліся да сустрэчы з Ім — мэтай нашага зямнога жыцця.

Падрыхтаваў ксёндз Аляксей ЮРКАЙЦЬ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *