У Шаркаўшчынскім РАНС працавалі і працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы

Служба 101

вадзіцель ПАВЧ № 1 г. п. Шаркаўшчына Валерый Шчабол
вадзіцель ПАВЧ № 1 г. п. Шаркаўшчына Валерый Шчабол

Прафесія пажарнага-выратавальніка заўсёды была і застаецца паважанай у грамадстве. Тут няма выпадковых людзей. Высокі прафесіяналізм, вопыт і ўменне знайсці выхад з самых складаных сітуацый дазваляюць выратавальнікам заваёўваць аўтарытэт і павагу людзей. 23 ліпеня яны адзначаюць сваё прафесійнае свята — Дзень пажарнай службы.
— Сёння работа па ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару патрабуе высокай кваліфікацыі, ініцыятыўнасці, адказнасці і мужнасці, — кажа начальнік Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Федуковіч. — Менавіта такія людзі працуюць у нашым аддзеле. Да іх ліку адносіцца вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Валерый Шчабол.
Як мы даведаліся нарадзіўся і вырас ён у вёсцы Юзэфова Германавіцкага сельсавета. Пасля заканчэння Мінскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча працаваў трактарыстам на малой радзіме ў калгасе імя Калініна.
Калі ў маі 2000 года яму прапанавалі месца працы ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, то ён даў сваю згоду. Яно і зразумела, бо праца пажарнага-выратавальніка аказалася яму па душы. З той пары прайшоў 21 год. За гэты час Валерый здзейсніў мноства аператыўных выездаў для ліквідацыі надзвычайных сітуацый і ў нашым раёне, і за яго межамі. За добрасумленную працу неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі, Падзякамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, абласнога ўпраўлення МНС. У 2015 годзе Валерый Часлававіч быў занесены на раённую Дошку гонару. У 2017 годзе за шматгадовую і добрасумленную працу яму ўручылі Ганаровую грамату Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў. А яшчэ праз год Валерый Шчабол узнагароджаны медалём “Ветэранская падзяка”.
Беручы прыклад з бацькі, пажарным-выратавальнікам вырашыў стаць і яго сын Ілля. Пасля заканчэння Гомельскага камандна-інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь Ілля пачынаў служыць начальнікам каравула Шаркаўшчынскай ПАВЧ № 1. Цяпер жа ён жыве і працуе па прафесіі ў Полацку.
Трэба сказаць, што сёння ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях становіцца ўсё больш маладых супрацоўнікаў. Пакаленне вопытных прафесіяналаў, з годнасцю выканаўшы абавязак і перадаўшы маладому папаўненню вопыт і ўменне, звальняецца ў запас.
701 (Копировать)Больш за чатыры гады знаходзіцца на заслужаным адпачынку былы начальнік каравула ПАВЧ № 1 Андрэй Ліпскі, які працоўную частку свайго жыцця прысвяціў справе пажарнага-выратавальніка.
— Працоўны шлях Андрэя Міхайлавіча пачынаўся з пасады камандзіра аддзялення асобнага паста ваенізаванай пажарнай службы в. Лужкі, — прадаўжае размову Андрэй Мечыслававіч. — Пасля ён служыў начальнікам каравула, намеснікам начальніка па рабоце з асабовым складам атрада ваенізаванай пажарнай службы № 23 гарадскога пасёлка.
Загадам міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь ад 23 снежня 2016 года Андрэю Міхайлавічу Ліпскаму было прысвоена чарговае званне “маёр унутранай службы”. Безумоўна, што яго служба на карысць жыцця і дабрабыту насельніцтва з’яўляецца яркім прыкладам для маладога папаўнення сённяшніх супрацоўнікаў аддзела.
І сёння Андрэй Ліпскі не сядзіць без справы. Ён займаецца хатняй гаспадаркай, даглядае сядзібу: высаджвае зялёныя насаджэнні, кветкі, стварае малыя архітэктурныя формы. А калі праходзяць раённыя спартыўныя спаборніцтвы, то заўсёды прымае ў іх удзел, выступаючы ў камандзе раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. І не проста выступае, але і займае прызавыя месцы.
— У свой час я закончыў Віцебскі педагагічны інстытут імя Кірава, атрымаў кваліфікацыю настаўніка гісторыі, — кажа Андрэй Міхайлавіч. — Але педагогам так і не стаў. Калі прапанавалі стаць пажарным-выратавальнікам, адразу згадзіўся. І ніколькі пра гэта не шкадую. Нават цяпер, калі б надарылася магчымасць зноў пачынаць працоўны шлях, я пайшоў бы зноў у рады пажарных-выратавальнікаў. Бо гэта мой лёс, маё жыццё.
Дарэчы, цяпер у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях службу нясуць 46 чалавек, з іх 11 — афіцэры. Прыходзіць маладое папаўненне. Так, былы начальнік каравула ПАВЧ № 1 Яўгеній Катовіч нядаўна пераведзены на пасаду намесніка начальніка аддзела па аператыўна-тактычнай рабоце. Пасля заканчэння Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа на пасадзе старшыны групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання стаў несці службу Віталій Бохан. Час не стаіць на месцы: мяняюцца падзеі, мяняюцца людзі.
Напрыканцы размовы Андрэй Мечыслававіч Федуковіч выказаў шчырыя словы ўдзячнасці ветэранам пажарнай службы за працу, бясцэнныя вопыт і веды, якія, несумненна, запатрабаваныя цяперашнім пакаленнем супрацоўнікаў РАНС. Пажадаў усім моцнага здароўя, прафесійных і жыццёвых поспехаў, сямейнага дабрабыту і мірнага неба над галавой.
Сяргей РАЙЧОНАК.