Законапраекты аб Усебеларускім народным сходзе і аб змяненні Выбарчага кодэкса Беларусі вынесены на грамадскае абмеркаванне шырокай аўдыторыі з 24 кастрычніка па 2 лістапада. Абодва праекты законаў змешчаны на сайце “Прававы форум Беларусі”. Сваімі меркаваннямі аб новых законапраектах з намі падзяліліся шаркаўчане.
Ірына МІХАЛЁНАК, старшыня раённага савета ветэранаў:
— Усебеларускі народны сход — гэта вышэйшая форма праяўлення дэмакратыі, калі ўлада раіцца з народам і прымае затым разумныя рашэнні для яго дабрабыту. Увядзенне такой формы праўлення гаворыць пра тое, што ў нашай краіне ўсё ідзе дэмакратычна, улічваецца меркаванне кожнага чалавека: з намі раяцца, думаюць пра наш дабрабыт. Рашэнні прымаюцца сумесна, пасля абмеркавання з народам. З дапамогай УНС можна будзе вырашаць эканамічныя, сацыяльныя пытанні.
