Кожны месяц райкам прафсаюза работнікаў АПК падводзіць вынікі раённага спаборніцтва па вытворчасці малака. У кастрычніку першае месца сярод аператараў машыннага даення заняла даярка МТФ “Наваселле” ААТ “Агратэхсэрвіс” Наталля Бездзель.
— У гурце Наталлі Станіславаўны 49 галоў кароў. Валавы надой малака за месяц склаў 24 тоны 100 кілаграмаў. У сярэднім ад адной каровы атрымана 492 кілаграмы малака, — тлумачыць загадчыца МТФ Раіса Вярцінская. — Безумоўна, гэта добрыя паказчыкі, бо працуе даярка, як і іншыя жывёлаводы, сумленна і старанна.
— Даенне кароў у нас двухразовае. Ранішняя дойка пачынаецца ў 5 гадзін і заканчваецца ў 9 гадзін. Вечарам доім кароў з 17 і да 21 гадзіны, — кажа Наталля. — У нашым калектыве працуюць 5 асноўных даярак і адна падменная, якая па чарзе дае нам выхадныя дні.
Праца гэта мне даспадобы, бо жывёлу я люблю з дзяцінства. Таму, напэўна, і надоі малака ў гурце маіх кароў нядрэнныя, бо я з душой і дабрынёй падыходжу да кожнай рагулі. Хоць праца ў галіне сельскай гаспадаркі і мае свае складанасці, мяняць яе не збіраюся. Спачатку я працавала ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, а на працягу апошніх пяці год — у жывёлагадоўлі. Буду старацца і ў далейшым дасягаць высокіх вытворчых паказчыкаў па надоях малака.
Сяргей РАЙЧОНАК.
