“Чалавек года Шаркаўшчыны” — механізатар ААТ «Буеўшчына» Антон Вацлававіч Паўловіч

Сельское хозяйство

311Калі мы сустрэлі ў Іёдах на тэрыторыі механічных майстэрняў перадавога механізатара адкрытага акцыянернага таварыства “Буеўшчына” Антона Вацлававіча Паўловіча, ён займаўся дробным рамонтам некаторых вузлоў да агрэгата КЗР-10. Размаўляць мужчыну не было часу, бо ён шукаў транспарт, каб трапіць у вёску Варонка, дзе знаходзіцца замацаваная за механізатарам тэхніка. Мы прапанавалі Антону Вацлававічу пад’ехаць на рэдакцыйных “жыгулях”, тым больш, што самі ехалі ў тым жа накірунку. Па дарозе мы крыху з ім і пагутарылі.
Антон Вацлававіч з тутэйшых мясцін, з вёскі Бярнаты. Як і большасць юнакоў сямідзясятых гадоў, пасля заканчэння школы марыў атрымаць пасведчанні вадзіцеля аўтамабіля і механізатара, каб застацца працаваць у сваім калгасе. Не строіў якія-небудзь маштабныя планы на будучыню. Гэта і зразумела, бо вясковы ўклад жыцця быў хлопцу па душы. Перад прызывам на вайсковую службу ад ваенкамата вучыўся ў аўташколе і атрымаў пасведчанне вадзіцеля. У былыя гады існавала такая практыка падрыхтоўкі будучых салдат за лік дзяржаўных сродкаў. Вось толькі сваю тэрміновую службу Антону давялося праходзіць не як многім яго равеснікам у салдацкіх казармах, а пад кулямётным агнём душманаў у Афганістане. Свой воінскі доўг наш зямляк аддаў Радзіме спаўна — са снежня 1980 па кастрычнік 1982 гадоў у якасці вадзіцеля бронетранспарцёра, як і тысячы савецкіх салдат, прайшоў праз пекла “неаб’яўленай вайны”. Дадому Антон вярнуўся з медалём “За адвагу” на грудзях. Але не гэта было самым важным, галоўнае, што ён вярнуўся жывым і здаровым.
З таго часу Антон вырашыў застацца ў родных мясцінах назаўсёды. Хлопец спадабаўся мясцовай дзяўчыне Вользе. Звычайныя, на першы погляд, сустрэчы перараслі ва ўзаемнае глыбокае каханне. Вяселле, як ўспамінае Антон Вацлававіч, гулялі ўсёй вёскай, бо людзі ў той час былі па-сапраўднаму нібы параднёныя паміж сабой, радаваліся шчасцю суседзяў-аднавяскоўцаў. У 1985 годзе ў сям’і Паўловічаў нарадзіўся іх першынец — сын Яўген, а крыху пазней і другі — Павел.
Шэсць год Антон Вацлававіч калясіў па дарогах калгаса, раёна і рэспублікі на грузавой аўтамашыне ГАЗ-53. Пасля, вось ужо чвэрць стагоддзя, кіруе штурвалам магутнага К-701, пагрузачна-разгрузачныя работы на якім выконвае і зараз. У перыяд вясенне-палявых работ, касавіцы і сяўбы азімых перасаджваецца на агрэгат КЗР-10. На ім Антон Вацлававіч сее збажыну, лён, скошвае травы. У зімовы перыяд дае водпускі сваім калегам-механізатарам. Як трактарыст-машыніст першага класу, у дасканаласці валодае ўсімі відамі сельскагаспадарчай тэхнікі і ніколі не дапускае недапрацовак у сваёй рабоце. Яго імя размяшчалася на раённай Дошцы гонару. Падчас падвядзення вынікаў вясенне-палявых работ і ўшанавання працаўнікоў сяла перад іх прафесійным святам — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі — Антон Вацлававіч заўсёды ў ліку раённых пераможцаў. Перадавому механізатару стае сілы, вопыту і напору, каб спаборнічаць на роўных з моладдзю і выходзіць у лідары. Нездарма сёлета старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч на раённай урачыстасці “Чалавек года Шаркаўшчыны” уручыў адпаведны дыплом лаўрэата гэтага Ганаровага звання ў намінацыі “сельская гаспадарка” Антону Вацлававічу Паўловічу.
На сумленні, стараннасці і працавітасці менавіта такіх людзей як Антон Вацлававіч і трымаецца сельская гаспадарка, дае свае плён, высокія паказчыкі і вытворчыя дасягненні.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *