З Галінай Пятроўнай Сафончык я пазнаёміўся, калі працаваў у сферы культуры. Сціплая жанчына, здавалася б, нічым асаблівым не вылучалася сярод тых, хто прымаў удзел у мерапрыемствах, якія ладзілі работнікі раённага Дома культуры. Але, як толькі яна брала ў рукі баян і пачынала спяваць, усе, хто быў побач, з замілаваннем пачыналі слухаць, падпяваць жанчыне. Надта душэўна яна спявае і грае на інструменце, прапускаючы праз сэрца кожны радок песні.
— Так склаўся мой лёс, што я з самага дзяцінства неразлучна звязана з музыкай і песняй, — кажа Галіна Пятроўна. — Калі была яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай, тата з мамай ездзілі да сваякоў пагасціць у Оршу, а адтуль прывезлі з сабою баян. Як аказалася, гэты інструмент і стаў лёсавызначальным на ўсё маё далейшае жыццё.
Я нарадзілася ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці, хадзіла ў агульнаадукацыйную школу і паралельна наведвала заняткі ў мясцовай “музыкалцы”. Калі атрымала атэстат сталасці, вырашыла прысвяціць сябе музыцы. Таму і паступіла ў Магілёўскае музычнае вучылішча на харавое аддзяленне. Там, на занятках, авалодала навыкамі ігры на баяне і на фартэпіяна. Дарэчы, у вучылішчы я пазнаёмілася са сваім будучым спадарожнікам жыцця Паўлам. У нашу групу ён прыйшоў вучыцца пасля тэрміновай службы ў войску, таму быў за нас старэйшы на тры гады. Месца за партамі ў аўдыторыі не хапала, таму малады навучэнец сеў побач са мной. Так і пачалося наша сяброўства. Разам мы і вучыліся, і выступалі, удзельнічалі у гуртках мастацкай самадзейнасці, разам і адпачывалі. Калі наша аднагрупніца гуляла сваё вяселле, то запрасіла ўсіх нас, хто разам з ёй вучыўся, у госці. Вось тады Павел прызнаўся мне ў каханні. Забыць той момант проста немагчыма — гэта засталося на ўсё жыццё.
Пасля заканчэння вучылішча пуцявіны жыцця нас з Паўлам на некаторы час развялі па розных кутках Беларусі. Ён па размеркаванні трапіў ў Шаркаўшчыну, узначаліў мясцовы раённы Дом культуры, а я вярнулася на сваю малую радзіму, стала працаваць у сельскім Доме культуры.
Ведаеце, калі па-сапраўднаму кахаеш, калі пачуццё гэта ўзаемнае, то быць паасобку проста немагчыма. Вось і Павел у хуткім часе са сваімі калегамі з Шаркаўшчыны, а ў той час гэта быў аўтобус “Кубань”, прыехаў да мяне на Шклоўшчыну ў сваты. Атрымаўшы блаславенне маіх бацькоў, згулялі вяселле.
Жыць сталі ў Шаркаўшчыне, здымалі пакой у прыватным доме. Муж працаваў у РДК, які ў той час размяшчаўся ў памяшканнях праваслаўнай царквы іконы “Усіх смуткуючых Радасць”. Знайшлі работу па спецыяльнасці і мне. У будынку, дзе цяпер знаходзіцца магазін “Хіт” па вуліцы Кірава, на першым паверсе быў клуб саўгаса “Шаркаўшчынскі”, я стала яго загадчыкам. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства дадаткова прадаставіла мне пасаду музычнага кіраўніка дзіцячага сада, які таксама належыў саўгасу.
Жыццё ішло сваім ходам. У нашай сям’і першай нарадзілася дачушка Алёна, потым на свет з’явілася другая, якую назвалі Аксанай. На месцы дома, дзе мы першапачаткова пасля вяселля здымалі пакой, пабудавалі новы, сучасны на той час, раённы Дом культуры. Насельніцтва гарадскога пасёлка, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый з ахвотай удзельнічалі ў гуртках мастацкай самадзейнасці, ладзілі канцэртныя і тэатралізаваныя выступленні. Культурнае жыццё ў Шаркаўшчыне кіпела.
У сярэдзіне 1970-х гадоў я, хоць і не карэнным чынам, але змяніла месца працы. Дырэктар гарпасялковай “васьмігодкі” Мікалай Фёдаравіч Рубіс прапанаваў мне пасаду настаўніцы музыкі ў школе. Спачатку працавала там, а калі пабудавалі новую сярэднюю школу № 2, перайшла ў яе. Тым не менш, свае сувязі са сферай культуры я не парывала. Па-ранейшаму разам з мужам ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці РДК. Трэба сказаць, што і ў школе ў нас існавалі музычныя гурткі, вакальны хор. Усебаковую дапамогу і падтрымку нам, настаўнікам музыкі, і таленавітым вучням аказвалі дырэктар школы Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская, завуч Вера Пятроўна Татаровіч, іншыя педагогі.
Імкліва праляцелі гады маладога жыцця. Неўзабаве прыйшоў час, калі трэба было ісці на заслужаны адпачынак. Але доўга на пенсіі я не была. Кіраўніцтва аддзела культуры райвыканкама прапанавала мне вярнуцца на працу. Так, на працягу дзесяці год я кірую аматарскім аб’яднаннем “Душэўная ўтульнасць”, якое стварыла сама. Працуе гурток пры сектары па нестацыянарных формах абслугоўвання РЦК. Мы, жанчыны сталага ўзросту, у асноўным, практыкуем выязныя канцэрты, ладзім свае выступленні ў сельскіх населеных пунктах. Сумаваць няма часу. Вось і цяпер праводзім рэпетыцыі, рыхтуемся да навагодніх свят.
З вышыні пражытага часу многія моманты хацелася б паправіць, штосьці карэнным чынам змяніць, але, як кажуць, у гісторыі не існуе ўмоўнага ладу. Таму я ўдзячна лёсу за ўсё: за родных людзей, за сумленных і шчырых сяброў, з якімі мяне зводзіў лёс, але галоўнае, удзячна за дзяцей, за ўнукаў, за сваіх маленькіх праўнукаў. Няхай ім шчасціць у жыцці.
Сёння Галіна Пятроўна адзначае свой юбілей — ёй споўнілася 70 год. Вядома, не прынята казаць пра ўзрост жанчыны, але імянінніца не ўтойвае свае гады, а з усмешкай і ў добрым настроі сустракае кожную новую раніцу свайго жыцця.
Сяргей РАЙЧОНАК.
