Беларусь — Расія: масты супрацоўніцтва

Общество

 

З мэтай наладжвання кантактаў у эканамічнай і сацыяльнай сферах паміж Шаркаўшчынскім і Пскоўскім раёнамі Расійскай Федэрацыі летам мінулага года намечаны для рэалізацыі шматлікія праекты ў культурным і турыстычным узаемаабменах.

Упершыню паміж сярэдняй школай № 1 г. п. Шаркаўшчына і Піскоўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школай Пскоўскага раёна ў рэжыме відэасувязі прайшла гутарка.

Дырэктар СШ № 1 гарадскога пасёлка Ірына Рымдзёнак расказала пра асноўныя накірункі дзейнасці навучальнай установы, пра поспехі, якіх дасягаюць вучні і настаўнікі ў адукацыйным працэсе, спынілася на матэрыяльнай базе, на тым, што зусім нядаўна школе нададзены статус «Школа Міру».

Яна падкрэсліла, што сувязі беларускага і расійскага народаў маюць глыбокія карані, якія ніхто не ў стане разарваць. У нас агульная гісторыя, агульныя трагедыі і перамогі. Пра гэта заўсёды трэба памятаць, каб зберагчы мір для будучых пакаленняў. Тым больш, што сёлетні год прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі.

Патрыятычнае выхаванне — адзін з накірункаў дзейнасці сярэдняй школы № 1 нашага райцэнтра. Пад кіраўніцтвам настаўніка Алеся Шышко тут у 2022 годзе створаны і працуе ваенна-патрыятычны клуб «Авангард».

— Быць патрыётам — значыць ганарыцца слаўнымі старонкамі гісторыі роднага краю і краіны, багацейшай культурнай спадчынай і традыцыямі, баявымі і працоўнымі подзвігамі нашых продкаў, — упэўнены Алесь Шышко. — Мэты, якія мы ставім перад сабой заключаюцца ў патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні моладзі, зберажэнні гістарычнай памяці, арганізацыі пошукавай дзейнасці.

У клубе праходзяць тэарэтычныя і практычныя заняткі па асновах ваеннай службы, па фізічнай падрыхтоўцы. На пастаяннай аснове ладзяцца экскурсійныя паездкі ў вайсковы часці, наладжана супрацоўніцтва з раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў».

У сваю чаргу, шаркаўчанам было цікава даведацца, як арганізаваны адукацыйны працэс у расійскіх калег, на якой платформе будуецца патрыятычнае выхаванне моладзі, у якіх накірунках ажыццяўляецца яго рэалізацыя.

Плануецца, што працягам сумеснага супрацоўніцтва стане правядзенне відэаканферэнцый, распрацоўка перспектыўных планаў па патрыятычных накірунках і ўдзел шаркаўшчынскіх школьнікаў у турыстычным злёце дзяцей і моладзі на Пскоўшчыне.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.