У Шаркаўшчыне стартавала навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”

Общество

Сёння ў краіне дадзены старт урачыстым мерапрыемствам навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Ва ўстановах адукацыі з 15 снежня да 15 студзеня пройдуць флэшмобы, конкурсы малюнкаў, навагодніх паштовак, цацак, адбудуцца тэматычныя выставы, відэавіншаванні.
У сярэдняй школе № 2 гарадскога пасёлка імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына ў старце акцыі прынялі ўдзел усе вучні ўстановы адукацыі. Так, хлопчыкі і дзяўчынкі 1—4 і 8 класаў удзельнічалі ў конкурсе навагодніх паштовак. Конкурс плакатаў прайшоў у 5 класе. Вучні 6 і 11 класаў займаліся вырабам сувенірных рукавіц. Відэавіншаванне запісалі старшакласнікі, а таксама сямікласнікі, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі валанцёрска-цімураўскага атрада піянерскай дружыны.
— На тэрыторыі мікрараёна нашай школы пражываюць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія, на жаль, па стане здароўя не могуць наведваць установу адукацыі, — кажа намеснік дырэктара СШ № 2 Іна Забела. — Іх настаўнікі і вучні павіншуюць з Калядамі і Новым годам на даму, уручаць сувенірныя рукавіцы, вырабленыя ўласнымі рукамі, унутры якіх будуць памятныя сувеніры і падарункі.
Чароўнае і казачнае свята, безумоўна, павінен адчуць кожны. А правядзенне дабрачыннай навагодняй акцыі “Нашы дзеці” — яскравы таму доказ.
Сяргей РАЙЧОНАК.