У сельгаспрадпрыемствах раёна праходзяць справаздачныя сходы па выніках работы за мінулы год. Наш карэспандэнт наведаў ААТ «Даватарскі». З дакладамі выступілі старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Анжэліка Атопкіна і галоўныя спецыялісты адкрытага акцыянернага таварыства.
У прафсаюзным камітэце ААТ «Даватарскі» налічваецца 311 чалавек. Асноўнымі накірункамі дзейнасці за мінулы год з’яўляліся кантроль за выкананнем калектыўнага дагавора, кантроль за захаваннем належных умоў працы, матэрыяльная падтрымка членаў прафсаюза і іншае. У Год гістарычнай памяці члены прафсаюза актыўна ўдзельнічалі ў грамадзянска-патрыятычных мерапрыемствах. Для работнікаў сельгаспрадпрыемства былі арганізаваны экскурсійна-турыстычныя паездкі. На гэтыя мэты было выдаткавана 1 тысяча 266 рублёў. На правядзенне спартыўных і культурна-масавых мерапрыемстваў — 6 тысяч 633 рублі. Акрамя таго, за 2022 год аказана матэрыяльная дапамога работнікам на суму 4 тысячы 108 рублёў.
З якімі эканамічнымі паказчыкамі завяршыла гаспадарка мінулы год? У 2022 годзе сельгаспрадпрыемства атрымала 6363 тоны зерня, што на 3007 тон больш, чым у папярэднім годзе. Сярэдняя ўраджайнасць склала 25,8 ц/га. На зімова-стойлавы перыяд было нарыхтавана 1640 тон сена, 19311 тон сенажу і 4829 тон сіласу.
Не зусім добрыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі. На 1 студзеня 2023 года колькасць буйной рагатай жывёлы склала 4239 галоў, што на 132 галавы менш, чым было на 1 студзеня 2022 года. Валавая вытворчасць малака за год склала 4554 тоны, што на 566 тон менш, чым за аналагічны перыяд 2022 года. На жаль, нізкай застаецца якасць рэалізаванага малака. Гатункам «экстра» прададзена дзяржаве 57,1%, вышэйшым гатункам — 33,9%, першым — 9%. Гаспадарка рэалізавала дзяржаве 417 тон мяса. Вышэйшай укормленасцю — 60,6%, сярэдняй — 20,7%, ніжэй сярэдняй — 8,9%, худой укормленасцю — 9,4%.
Сярэднямесячная зарплата работнікаў сельгаспрадпрыемства за 2022 год склала 729 рублёў або 119% да ўзроўню 2021 года.
На агульным сходзе абмеркавалі пытанні па выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2023 год. Вырашана забяспечыць тэмп росту валавой прадукцыі ў памеры 108%. Што для гэтага трэба?
У жывёлагадоўлі запланавана атрымаць валавы надой малака не менш за 4930 тон малака, надой ад адной каровы павінен скласці 2926 кілаграмаў. Для гэтага трэба граматна складаць рацыён кармлення БРЖ, збалансаваць яго з прымяненнем камп’ютарных праграм. Своечасова і ў дастатковай колькасці закупаць канцэнтраваны корм. Арганізаваць рэгулярны выгул жывёлы ў зімні перыяд, не дапускаць парушэнняў у рэжыме даення кароў, зніжаць ялавасць дойнага статку.
Каб павялічыць рост прадукцыі жывёлагадоўлі, неабходна атрымліваць сярэднясутачныя прывагі БРЖ не менш за 400 грамаў. Асноўнымі крыніцамі павелічэння колькасці БРЖ з’яўляюцца закуп маладняку ў насельніцтва, а таксама атрыманне прыплоду ў гаспадарцы. На 2023 год запланавана закупіць у насельніцтва не менш за 40 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы, атрымаць прыплод у самой гаспадарцы ў колькасці 1460 галоў.
Для паўнацэннага кармлення БРЖ плануецца нарыхтаваць 20000 тон сенажу, 8000 тон сіласу, сена — 1700 тон і саломы — 5000 тон.
У галіне раслінаводства валавы збор зерня павінен скласці не менш за 6400 тон у бункернай вазе. Гэтага можна дасягнуць пры павелічэнні ўраджайнасці, унясенні ў дастатковай колькасці арганічных угнаенняў і мінеральных удабрэнняў, прымяненні ўсяго спектру сродкаў хімічнай аховы раслін. Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анатолій Ліневіч патрабуе сяўбу зерневых праводзіць насеннем «эліты» і першай рэпрадукцыі ў суадносінах 15 і 85 працэнтаў адпаведна. Толькі тады можна разлічваць на высокі ўраджай. Жніво трэба пачынаць пры поўнай спеласці зерня.
У 2023 годзе неабходна знізіць затраты на вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі на 2,5%. А для гэтага неабходна забяспечыць строгі ўлік і спісанне таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, удасканальваць меры матэрыяльнага стымулявання за выкананне заданняў па эканоміі матэрыяльных рэсурсаў. У абавязковым парадку трэба павышаць культуру вытворчасці і прафесіянальны ўзровень спецыялістаў за кошт правядзення вучобы на курсах павышэння кваліфікацыі. Толькі тады ў поўнай меры можна разлічваць на станоўчыя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі ў развіцці сельгаспрадпрыемства.
У другой частцы мерапрыемства кіраўнік гаспадаркі Андрэй Пальчэх і старшыня прафкама Анжэліка Атопкіна ўзнагародзілі лепшых перадавых работнікаў адкрытага акцыянернага таварыства. Падарункі таксама атрымалі і тыя, хто пайшоў на заслужаны адпачынак. Спецыялісты Пялікаўскага сельскага клуба павіншавалі мясцовых аграрыяў музыкай і песнямі.
У рабоце справаздачнага сходу прыняў удзел і выступіў старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Гернат.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.












