А вы ўжо бачылі функцыянальны і сучасны фантан?

Добраўпарадкаванне Общество

Каля дваццаці год назад у Шаркаўшчыне, у скверы на плошчы 1 Мая быў усталяваны фантан. Кожнае лета ў сонечнае спякотнае надвор’е ўсе жадаючыя тут бавілі свой вольны час, любаваліся на струмені празрыстай халоднай вады. З цягам часу механізм фантана выпрацаваў рэсурс, канструкцыя патрабавала замены.

У час падрыхтоўкі аб’ектаў да абласнога свята працаўнікоў сяла «Дажынкі» было праведзена добраўпарадкаванне сквера, які набыў новае аблічча. Заменены і фантан, які стаў больш функцыянальным і сучасным. Ён працуе ў некалькіх рэжымах, струмені вады то ўзнімаюцца па чарзе ўгору, то апускаюцца ўніз. Прываблівае новы фантан шаркаўшчынскую дзятву. Хлопчыкі і дзяўчынкі гарэзліва бегаюць вакол яго, падстаўляючы свае маленькія далоні пад струменьчыкі вады. І сапраўды, адноўленая зона адпачынку стала упрыгожаннем нашага гасціннага гарадскога пасёлка.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.