Адначасова з заканчэннем рамонту зернеўборачных камбайнаў завяршылі падрыхтоўчыя работы і на збожжатаках у сельгаспрадпрыемствах раёна. Намалочанае зерне адразу з поля трапляе на ачыстку, дасушку і захоўванне.
Бесперабойна, у кругласутачным рэжыме працуе зернесушыльны комплекс КЗСВ-30 у аг. Пялікі ААТ «Даватарскі», які быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2008 годзе. Яго тэхнічныя магутнасці дазваляюць хутка і якасна праводзіць працэс ачысткі і сушкі вялікіх аб’ёмаў збожжа — да 30 тон у гадзіну.
— Я працую на комплексе з самага пачатку яго эксплуатацыі, — расказаў старшы аператар Павел Арлоў. — Разам са мной на працягу сутак дапамагае весці ачыстку і сушку зерня, назіраць за спраўнасцю ўсіх механізмаў Павел Казлоўскі. На змене другая брыгада аператараў у складзе Івана Коласава і Уладзіміра Скукоўскага. Калі ішла ўборка азімага ячменю, вільготнасць зерня складала каля 14 працэнтаў. Цяпер жа, пасля нядаўніх дажджоў, вільготнасць азімай пшаніцы значна вышэйшая, што патрабуе дадатковага расходвання прыроднага газу на дасушку.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

