Чысціня ў дварах, на вуліцах і дарогах, цяпло ў дамах, прыгожыя кветкавыя кампазіцыі і зяленыя зоны – усё гэта сфера клопату УКП ЖКГ. Напярэдадні абласнога свята працаўнікоў сяла “Дажынкі” не спыняецца тэмп работ у прадстаўнікоў гэтай службы.
— Штодзённа ў гарадскім пасёлку працягваецца ачыстка цэнтральных вуліц, тратуараў, аўтобусных прыпынкаў , дваровых тэрыторый, а таксама вываз смецця. Рэгулярна ажыццяўляем абкос травы на грамадскіх тэрыторыях, высаджваем кветкі і абнаўляем зялёныя зоны,- расказаў майстар па добраўпарадкаванні УКП ЖКГ Сяргей Шыман.- Не спыняем барацьбу з інвазіўнымі раслінамі (у асноўным, гэта залатарнік канадскі). Работнікамі камунальнай службы праводзіцца вялікі аб’ём работ па замене агароджы ў гарадскім пасёлку. А яшчэ на гэтым тыдні ажыццяўляем замену дарожных знакаў і стоек да іх. Каля 300 дарожных знакаў у Шаркаўшчыне, якія адпрацавалі ўстаноўлены срок службы, страцілі сваю светаадбівальную функцыю і эстэтычны выгляд будуць заменены на новыя. У бліжэйшы час, да пачатку новага навучальнага года, будзем праводзіць абнаўленне дарожнай разметкі.
Актыўнымі тэмпамі ў Шаркаўшчыне праводзіцца рамонт дарог, і гэта акалічнасць не можа не радаваць мясцовых жыхароў. Механізаваную ўборку асфальтавага пакрыцця на вуліцах райцэнтра здзяйсняюць трактарысты УКП ЖКГ Генадзій Кожан і Віктар Васілеўскі.
Генадзій Іванавіч 9 год працуе трактарыстам у жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна, выконвае розныя віды работ. У зімовы перыяд пасыпае дарогі пясчана-гравійнай сумессю, летам ён задзейнічаны на добраўпарадкаванні гарадскога пасёлка. На гэтым тыдні на сваім трактары МТЗ-82 з дапамогай спецыяльнай шчоткі мужчына займаўся ачысткай дарожнага пакрыцця ад смецця і пяску. Яго напарнік Віктар Васілеўскі, таксама вопытны трактарыст, быў задзейнічаны на адвозцы. Нябачная, на першы погляд, работа прадстаўнікоў камунальнай службы заўсёды будзе запатрабаванай і патрэбнай у грамадстве.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара


