У сераду, 21 жніўня, на адным са жніўных палёў каля вёскі Дубавое адбылася прыемная дзея — ушанаванне камбайнераў, якія намалацілі тысячу тон зерня. Адметна, што адразу два прадстаўнікі ААТ “Даватарскі” запісалі на свой рахунак па тысячы тон намалочанага зерня — гэта Юрый Геронцьевіч Ардынскі і Пётр Міхайлавіч Чарняўскі.
Павіншаваць шаркаўшчынскіх лідараў прыехаў старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іван Канстанцінавіч Вазміцель, які, дарэчы, з’яўляецца адказным ад Віцебскага аблвыканкама за Шаркаўшчынскі раён.
— Сёння Віцебская вобласць павінна выйсці на 1 мільён тон намалочанага зерня, — пачаў прамову І. К. Вазміцель. — У гэтым караваі ёсць і ваша доля, паважаныя даватарцы. Усім вядома, што ў Шаркаўшчынскім раёне землі цяжкія па механічнаму саставу для сельгасработ, тым не менш, дзякуючы намаганням сельскіх працаўнікоў, рэгіён атрымлівае нядрэнны ўраджай. Па ўсяму бачна, і гэты год не стане выключэннем. Прыемна выканаць ганаровую місію — павіншаваць вас, Юрый Геронцьевіч і Пётр Міхайлавіч, з чарговай працоўнай перамогай. Вы ўвайшлі ў лік больш за 100 тысячнікаў па вобласці (дадзеныя па стану на 21 жніўня. — аўт.).
Іван Канстанцінавіч выказаў героям дня самыя лепшыя словы-пажаданні і ўручыў ім каштоўныя падарункі.
Старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч далучыўся да віншаванняў:
— Дзякуй федэрацыі прафсаюзаў за ўвагу да шаркаўшчынскіх хлебаробаў. Прыемна, што сёлета ў ААТ “Даватарскі” адразу два камбайнеры дасягнулі высокіх вынікаў. Паважаныя Юрый Геронцьевіч і Пётр Міхайлавіч, вы тыя людзі, на якіх павінны раўняцца іншыя працаўнікі гаспадаркі.
Кіраўнік раёна ўручыў героям жніва каштоўныя падарункі і пажадаў годна завяршыць уборачную кампанію.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Гедыён Пятровіч Буйка падзякаваў даватарцам за плённую працу і пажадаў, каб іх не падводзіла ні здароўе, ні тэхніка. У сваю чаргу Гедыён Пятровіч уручыў працаўнікам каштоўныя падарункі.
Дырэктар ААТ “Даватарскі” С. В. Струй таксама падзякаваў хлебаробам:
— Дзякуй вам за працу, за тое, што не шкадуеце ўласных сіл і здароўя. Вы добрасумленна працуеце, і таму гаспадарка сёлета аператыўна ўбірае ўраджай. ААТ “Даватарскі” ужо выканаў дзяржзаказ па збожжу. Мы працягваем напаўняць хлебныя амбары гаспадаркі. Галоўнае зараз зрабіць апошні рывок і завяршыць уборачную.
Кіраўнік гаспадаркі ўручыў каштоўныя падарункі тысячнікам, а таксама іншым працаўнікам — камбайнерам і вадзіцелям.
Іван Канстанцінавіч Вазміцель выканаў прыемную місію — уручыў Ганаровую грамату прэзідыума савета Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Гедыёну Пятровічу Буйку за шматгадовую добрасумленную працу на прафсаюзнай ніве на карысць Шаркаўшчынскага раёна.
Пасля віншаванняў і ўручэнняў падарункаў удалося крыху пагутарыць з віноўнікамі ўрачыстасці. Пётр Міхайлавіч Чарняўскі, які заняты на ўборцы ўжо 31-ы сезон і з’яўляецца адным з самых вопытных механізатараў гаспадаркі, адзначыў наступнае: гэта ўборачная не складаная — надвор’е не перашкаджае працэсу, палівам і запаснымі часткамі для тэхнікі забяспечаны. Пётр Міхайлавіч убірае на камбайне КЗС-1218 ужо другі сезон. Паломкі былі, але ліквідаваліся аператыўна — камбайн знаходзіцца на гарантыі. У гаспадарцы самая высокая ўраджайнасць па раёне. Па словах камбайнера, на некаторых участках азімая пшаніца давала больш за 40 ц/га.
Юрый Геронцьевіч Ардынскі адзначыў, што сёлета былі добрыя азімыя, якіх ён намалаціў больш за 800 тон. Яравыя горшыя, чым у мінулым годзе. Увогуле, па словах тысячніка, надвор’е спрыяе ўборцы, а гэта галоўнае. Пачынае працаваць на камбайне ў 10 гадзін — каб не было расы. За дзень намалочвае 60—90 тон.
Нам застаецца пажадаць даватарцам новых працоўных дасягненняў. А таксама, каб ААТ “Даватарскі” завяршыла ўборачную ў аптымальныя тэрміны і без страт.
Аляксандр БАРЫЛА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
[nggallery id=44]
