90-гадовы юбілей адзначыла жыхарка вёскі Болкалы Ванда Пяцько

Общество

У вёсцы Болкалы разам са сваёй дачкой Эміліяй пражывае Ванда Пяцько. Нядаўна жанчына сустрэла свой юбілейны дзень нараджэння.

Нарадзілася, вырасла і амаль усё жыццё Ванда Пяцько пражыла ў вёсцы Савіцкія. Разам з мужам Мікалаем, якога, на жаль, ужо няма, нарадзілі і выхавалі сына і дачку. Спадарожнік жыцця працаваў трактарыстам спачатку на машынна-трактарнай станцыі ў Чырвоным Двары, потым у былым калгасе імя Ільіча. Сама Ванда была даяркай на мясцовай ферме.

Напэўна, жыццёвая загартоўка, фізічная праца, любоў, клопат і ўвага з боку родных людзей паспрыялі таму, што жанчына і зараз сябе добра адчувае. І гэта нягледзячы на тое, што яна адзначыла 90-годдзе з дня свайго нараджэння.

Павіншаваць Ванду Пяцько з юбілеем завітала намеснік кіраўніка адкрытага акцыянернага таварыства «Агратэхсэрвіс», старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Яся Краснікава. Яна выказала шмат цёплых слоў у адрас імянінніцы, а таксама ўручыла падарункі ад грамадскага аб’яднання і прафсаюзнай арганізацыі сельгаспрадпрыемства.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.