Епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій наведаў Шаркаўшчыну

Общество

Епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій надае вялікую важнасць таму, каб свяшчэннаслужыцелі як мага часцей сустракаліся з прыхаджанамі храмаў, маліліся разам з імі, вялі даверлівыя размовы.
Цяпер у праваслаўных хрысціян Вялікі пост, які пачаўся18 сакавіка і закончыцца 4 мая, напярэдадні Уваскрэсення Хрыстова. У гэты час епіскап Ігнацій ажыццяўляе паездкі па Полацкай епархіі. Уладыка наведаў царкву іконы «Усіх смуткуючых Радасць» у нашым гарадскім пасёлку, каб разам з шаркаўшчынскімі вернікамі памаліцца за мір і шчасце на зямлі. У храме епіскапа сустракалі мясцовае духавенства, намеснік кіраўніка раёна Юрый Васілеўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома, прыхаджане царквы. Епіскап Ігнацій ужо не першы раз наведвае гэта святое месца, дзе, па словах святара, дыхаецца лёгка і адчуваецца еднасць з Богам.
Уладыка прыняў удзел у літургіі, якая праводзіцца ў храме падчас Вялікага посту па серадах і пятніцах. Пасля набажэнства епіскап падзякаваў усім вернікам за тое, што наведваюць храм, жывуць з Богам у сэрцы і душы. Цяпер, калі ў свеце існуе мноства пагроз, здараюцца катастрофы прыроднага і тэхнагеннага характару, успыхваюць лакальныя войны, вельмі важна памятаць, што духоўная еднасць людзей, іх вера ў Бога здольныя выратаваць чалавецтва.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.