Экзамен вытрымалі на выдатна

Госавтоинспекция Общество

Захаванне правіл дарожнага руху вадзіцелямі школьных аўтобусаў, стан транспарту знаходзяцца на пастаянным кантролі ў дзяржаўтаінспекцыі на працягу ўсяго навучальнага года.

— Да перавозу дзяцей заўсёды прад’яўляюцца строгія патрабаванні, бо ў такой справе не павінна быць нават дробных заўваг, — падкрэсліў інспектар аддзялення ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС Аляксандр Павучонак. — У руках вадзіцеляў — жыццё дзяцей.

У міжраённай рэгістрацыйна-экзаменацыйнай групе аддзялення ДАІ Міёрскага РАУС вадзіцелі школьных аўтобусаў нашага раёна прайшлі праверку ведання правілаў дарожнага руху. Тэарэтычны экзамен адбыўся ў выглядзе тэста на камп’ютары з дзесяці пытанняў.

Перыядычна ў правілы дарожнага руху ўносяцца змяненні і дапаўненні, таму вельмі важна валодаць дакладнай інфармацыяй. Дзесяць вадзіцеляў дэталёва разважалі над пытаннямі, аналізавалі прадстаўленую на маніторы дарожную сітуацыю. Кожны з мужчын мае значны вадзіцельскі стаж і вопыт у кіраванні транспартным сродкам. Прафесіяналізм у спалучэнні з пастаяннай самаадукацыяй зрабілі станоўчы вынік — усе здалі экзамен на выдатна.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.