Выстава «Калядная кветка» ў раённым цэнтры рамёстваў

Актуальное

свой твор прэзентуе Таццяна Райчонак

Напрыканцы года ва ўстановах культуры і адукацыі заўсёды ладзяцца шматлікія калядныя і навагоднія мерапрыемствы як для дзяцей, так і для дарослых. Тут ўжо кожны з нас вырашае сам, куды і на якое з іх адправіцца, каб адчуць атмасферу набліжаючыхся свят, з густам правесці свой вольны час.
У раённым цэнтры рамёстваў 27 снежня прайшло адкрыццё юбілейнай, пятай па ліку, выставы творчасці “Калядная кветка”. Творчыя, апантаныя мастацтвам людзі, што з году ў год удзельнічаюць у гэтым мерапрыемстве, прадстаўляюць на выставе свае разнастайныя вырабы, у якіх адлюстравана калядная, навагодняя, зімовая тэматыка. Гэта і саломапляценне, і аплікацыя, і вязанне, і нават кулінарыя. Сёлетняя выстава сабрала ў цэнтры рамёстваў не толькі сваіх пастаянных удзельнікаў і сяброў. Некаторыя жыхары гарадскога пасёлка вырашылі таксама далучыцца да іх і прадставіць воку наведвальніка свае, няхай і невялікія, але з густам зробленыя творы.
Пачаткам мерапрыемства стала выступленне дзіцячага вакальнага гурта “Музыкі Хрыста” пад кіраўніцтвам Святланы Гірстун. Затым да прысутных звярнуўся пробашч касцёла Узвышэння Святога Крыжа Крыштаф Сілкоўскі. Ён павіншаваў усіх з Калядамі і Новым годам. Вядучая адкрыцця выставы, навуковы супрацоўнік цэнтра рамёстваў Людміла Сомава, раздала гледачам папяровыя сняжынкі, папярэдне нагадаўшы, што з дапамогай іх кожны можа прагаласаваць за тую мастацкую работу, якая больш спадабалася. Усе жадаючыя маглі расказаць пра свае творы, падзяліцца ўражаннямі, выказаць сваё бачанне. Людміла Лабачэўская, якая з’яўляецца пастаяннай ўдзельніцай выставы і адной з яе стваральніц, была задаволена жанравай разнастайнасцю прадстаўленых твораў і пашырэннем колькасці ўдзельнікаў “Каляднай кветкі”. Віктар Крук асобна засяродзіў увагу на работах Анны Янчык. Жанчына прадставіла на выставе карціны вышытыя крыжыкам. Сярод гасцей прысутнічаў вядомы на Віцебшчыне мастак Аляксандр Шыёнак. Ён з прафесійнага пункту гледжання высока ацаніў аматарскія творы ўдзельнікаў.
Запрошаная на мерапрыемства мастацкі кіраўнік Радзюкоўскага СДК Алена Маісеева правяла з прысутнымі старадаўні беларускі абрад “Жаніцьба Цярэшкі”. Усім вядома, што падобныя гульні нашы продкі ладзілі менавіта падчас каляд. Усе з цікавасцю танчылі, спявалі, удзельнічалі ў незвычайных конкурсах.
Сяргей РАЙЧОНАК,
фота аўтара.

Алена Маісеева праводзіць абрад “Жаніцьба Цярэшкі”
фрагмент выставы


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *