«Палівам забяспечым усіх». Гутарка з дырэктарам Шаркаўшчынскага філіяла абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблпаліва” Міхаілам ФАМЯНКОМ

Актуальное

штодзённа аўтатранспарт філіяла развозіць па гарпасёлку і раёну торфабрыкет

Наш карэспандэнт сустрэўся з Міхаілам Уладзіміравічам і задаў пытанні на тэму забяспечанасці палівам. Калі хочаце даведацца пра цану на брыкет і дровы, пра чаргу на атрыманне паліва і колькі будзе каштаваць дастаўка аўтамашынай брыкету да месца прызначэння — чытайце дадзенае інтэрв’ю.
—    Міхаіл Уладзіміравіч, на нарадах раённага ўзроўню не раз узнімалася пытанне забеспячэння насельніцтва палівам. Пазіцыя кіраўніцтва раёна наступная: ніхто не павінен застацца без торфабрыкету ці дроў. Раскажыце, калі ласка, пра тое, якая чарга зараз на паліва?
—    На сённяшні дзень колькасць жадаючых атрымаць торфабрыкет складае каля 1 тысячы чалавек. Столькі ж людзей стаяць у чарзе на дровы.
Адразу хачу адзначыць, што паліва хопіць усім. Трэба толькі набрацца цярпення. Брыкет і дровы паступаюць у наш філіял па распрацаванаму і зацверджанаму графіку. На сённяшні дзень заключаны дамовы на пастаўку паліва ў дастатковай колькасці. А менавіта на 9 тысяч тон брыкету і 7.300 тон дроў.
—    А колькі паліва атрымлівае Шаркаўшчынскі філіял “Віцебскаблпаліва”?
—    У 2011 годзе мы атрымалі 9.362 тоны торфабрыкету. Дарэчы, планавалася завезці 7.762 тоны. У параўнанні з 2010 годам рост склаў 127 працэнтаў.
Крыху іншая сітуацыя з дровамі. Завезена 4.939 тон, хаця было запланавана 6.600 тон. Такім чынам, філіял атрымаў толькі 74 працэнты ад запланаванага.
—    Міхаіл Уладзіміравіч, у чым прычына недапастаўкі дроў?
—    Справа ў тым, што ў 2011 годзе адбываліся ваганні курсу беларускага рубля. Усё гэта прывяло да таго, што пастаўшчыкам было больш выгадна адпраўляць драўніну за мяжу. І яшчэ адзін нюанс — не хапала чыгуначных вагонаў для адпраўкі паліва.
Радуе той факт, што зараз сітуацыя выпраўляецца. А гэта азначае: вялікага росту чаргі з жадаючых атрымаць дровы не будзе.
—    А як увогуле спрацавала ваша прадпрыемства па выніках года. Ад

на тэрыторыі філіяла знаходзіцца каля 1 тысячы кубаметраў дроў

гэтага залежыць вельмі важнае сацыяльнае пытанне — забяспечанасць насельніцтва палівам.
—    Хочацца адзначыць, што выкананы ўсе прагнозныя паказчыкі па рэнтабельнасці, платных паслугах, росце заработнай платы, рэалізацыі паліва. У 2011 годзе філіялам рэалізавана 6.672 тоны ўмоўнага паліва, у тым ліку насельніцтву — 5.461 тона (113 працэнтаў у параўнанні з 2010 годам).
І сёлета мы рэалізуем паліва больш высокімі тэмпамі. У студзені бягучага года рэалізавалі на 122 працэнты больш, чым у аналагічным мінулагоднім перыядзе, у тым ліку насельніцтву — больш на 153 працэнты. І ў лютым будзем рэалізоўваць “з плюсам”.
— Не зусім зразумела, чаму тады не змяншаецца чарга з жадаючых набыць паліва?
—    Здаецца парадаксальным, што нягледзячы на рост рэалізацыі паліва, а таксама ўлічваючы тыя фактары, што насельніцтва раёна змяншаецца і пашыраецца газіфікацыя жылога фонду, колькасць жадаючых атрымаць торфабрыкет і дровы павялічваецца. Адна з праблем, якая істотна ўплывае на сітуацыю — гэта жаданне некаторых грамадзян назапасіць паліва на многія гады. Некаторыя пажылыя людзі лічаць, што найлепшыя інвестыцыі — гэта набыццё брыкету ці дроў. Сярод жыхароў раёна нямала такіх, хто атрымаўшы машыну дроў, адразу тэлефануюць да нас і заказваюць яшчэ машыну дроў, а таксама і брыкету. Усё гэта прыводзіць да павелічэння ажыятажу.
—    Міхаіл Уладзіміравіч, ці існуюць якія нормы выдзялення паліва?
—    Канешне. Гаспадар можа атрымаць паліва па фіксаванай цане адзін раз у год 4,5 тоны брыкету ці 4,9 кубоў дроў.
—    Раскажыце пра расцэнкі.
—    Існуе фіксаваная і свабодная цана. Для таго, каб устанавіць фіксаваную цану, дзяржава выдзяляе датацыю. Сёлета Шаркаўшчынскаму філіялу “Віцебскаблпаліва” выдзелена на 141 працэнт больш у параўнанні з мінулым годам, а гэта 2.362 мільёны рублёў.
На сённяшні дзень фіксаваная цана тоны торфабрыкету складае 122 тыс. рублёў, кубаметра дроў — 40 тыс. руб.
Свабодная цана наступная: тона торфабрыкету — 340 тыс. рублёў, кубаметр дроў — 160 тыс. руб. У названыя расцэнкі не ўключаны кошт пагрузкі і дастаўкі. Адразу адзначу, што па свабоднай цане грамадзяне могуць набываць паліва без чаргі і ў неабмежаванай колькасці.
—    Вы сказалі, што кошт дастаўкі не ўлічаны. А колькі каштуюць вашы аўтатранспартныя паслугі?
—    Кошт дастаўкі машыны дроў са склада ў райцэнтры, улічваючы іх распільванне і пагрузку, па фіксаванай цане ў Радзюкі складае 337 тысяч рублёў, у Германавічы — 416 тысяч, у Лужкі — 489 тысяч, у Дворвана і Верацеі — 538 тысяч рублёў.
Дастаўка аўтамашыны торфабрыкету (4,5 тоны з пагрузкай) па фіксаванай цане будзе каштаваць у Радзюкі 623 тысячы рублёў, у Германавічы — 702 тысячы, у Лужкі — 775 тысяч, у Верацеі і Дворанава — 823 тысячы рублёў. Па свабоднай цане прыведзеныя кошты павялічваюцца дзесьці ў 2,5 раза.
—    Наколькі вядома, пасля дастаўкі торфабрыкету грамадзяне нярэдка наракаюць на яго якасць…
—    Так, мне даволі часта даводзіцца выязджаць на месца і выслухоўваць скаргі жыхароў раёна. Наконт якасці скажу наступнае. Існуе Дзяржстандарт, які дапушчае наяўнасць у торфабрыкеце кавалкаў да 2,5 см (аднак іх павінна быць не больш за 25 працэнтаў). Такім чынам, у машыне можа быць да тоны такіх кавалкаў. Яшчэ дазваляецца наяўнасць дробных кавалкаў памерам ад 2,5 см і больш — да 7 працэнтаў ад агульнай вагі. А гэта яшчэ 300 кг у машыне.
—    Назавіце праблемныя рэгіёны ў забеспячэнні палівам.
—    Найчасцей у нас узнікаюць праблемы з забеспячэннем жыхароў Лужкаўскага і Германавіцкага сельскіх Саветаў. Справа ў тым, што ўзгаданыя сельсаветы забяспечвае дровамі Дзісненскі лясгас. Прывяду наступныя лічбы. Дзісненскі лясгас пастаўляе Міёрскаму раёну (на тэрыторыі якога знаходзіцца) 6 тысяч кубаметраў дроў. А Шаркаўшчынскаму раёну толькі 1,5 тысячы кубаметраў, пры заяўцы на 3 тысячы кубоў. Лічым далей: 1,5 тысячы кубоў дроў дзелім па месяцах на кожны сельсавет. Атрымліваецца па 62 кубаметры ў месяц на цэлы сельскі Савет. Гэтага недастаткова. Таму выдзяляем дровы толькі льготным катэгорыям грамадзян — інвалідам 1-й і 2-й груп, удзельнікам вайны і адзінокім. Для іншых гаспадароў ёсць два выйсце: першае — нарыхтоўваць дровы ўласнымі сіламі, другое — набываць іх са склада філіяла.
—    Тым не менш, Міхаіл Уладзіміравіч, вы з аптымізмам глядзіце на праблему і абяцаеце так разруліць сітуацыю, каб ніхто не застаўся без паліва.
—    Адназначна будзе зроблена ўсё, каб паменшыць чаргу. На сённяшні дзень на тэрыторыі філіяла знаходзіцца каля 1 тысячы кубаметраў дроў. У тыдзень паступае каля 300 тон брыкету. Сітуацыя будзе вырашана станоўча.
І яшчэ хочацца адзначыць, што наша прадпрыемства аказвае льготнай катэгорыі грамадзян паслугі па расколцы дроў. Хаця расколка дроў не рэнтабельная ў цэлым па вобласці.

Андрэй Бельскі працуе вадзіцелем у філіяле ужо 21 год

У цэлым поспех прадпрыемства залежыць ад кожнага члена калектыву. Усе ўносяць пасільны ўклад у агульную справу. Хочацца адзначыць працу вадзіцеляў Андрэя Бельскага, Паўла Радзікі, Івана Дземідовіча, разробшчыка дроў Андрэя Сілава. Дзякуючы зладжанай працы ўсяго калектыву, імкнёмся аператыўна задавальняць патрэбы гаспадароў у паліве.
—    Дзякуй за размову!
Гутарыў Аляксандр БАРЫЛА.
Фота Андрэя БУРЦА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *