Шаркаўчане прынялі ўдзел ў VI рэспубліканскім фестывалі-конкурсе «Звуки мечты» ў Наваполацку

Молодежь Общество

120 таленавітых вакалістаў з 23 гарадоў Беларусі прынялі ўдзел ў VI рэспубліканскім фестывалі-конкурсе «Звуки мечты» ў Наваполацку.

Шаркаўчане таксама прадэманстравалі сваё выканаўчае майстэрства ў горадзе над Дзвіной. Пра гэта расказвае кіраўнік узорнага тэатра эстраднай песні «Маленькая фея» раённага Цэнтра культуры Вера Шуман:

— Гастрольная дзейнасць нашага калектыву, удзел у конкурсах дапамагаюць творчаму росту юных вакалістаў, духоўна ўзбагачаюць хлопчыкаў і дзяўчынак. Шаркаўчане паказалі цудоўныя вынікі, заваявалі сімпатыі гледачоў і конкурснага журы. Ксенія Касцюкевіч другі год запар стала лаурэатам І ступені ў малодшай узроставай катэгорыі. Дамініка Мартынава і Дзяніс Тарарака ўдзельнічалі ўпершыню, але заваявалі дыпломы ІІІ ступені ў сярэдняй узроставай катэгорыі. Дуэт Ксеніі і Дзяніса заняў першае месца сярод дуэтаў эстраднага жанру. А музычны нумар у складзе Ксеніі і Дамінікі прынёс дзяўчынкам «серабро». Выступленні салістаў дапаўняла танцавальная група ў складзе Анастасіі Рэдзікі, Віялеты Бахір, Міланы Ляскоўскай і Агніі Латышонак.

Сёлета тэатру эстраднай песні «Маленькая фея» спаўняецца 25 год. З іх 10 калектыў носіць найменне «ўзорны» і заўсёды пацвярджае сваё высокае званне на шматлікіх конкурсах рознага ўзроўню.

Выдатна на конкурсе выступілі і навучэнцы Шаркаўшчынскай ДШМ Кіра Рагачэўская і Аліса Аляхновіч занялі 3-е месца ў намінацыі «дуэт».

Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК, фота прадастаўлена раённым Цэнтрам культуры.