Начальнік вытворча-тэхнічнага сектара ўнітарнага камунальнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Наталля Бягун (на здымку) паслязаўтра сустрэне сваё прафесійнае свята.
— У першую чаргу, сваім асноўным прафесійным святам я лічу Дзень будаўніка, — прызналася жанчына. — Пасля заканчэння ў 1987 годзе Германавіцкай СШ свядома паступіла ў Рыжскі тэхнічны інстытут, каб у будучым атрымаць кваліфікацыю інжынера-будаўніка. Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы вырашыла вярнуцца ў родныя мясціны, дзе побач жылі родныя людзі, сябры. Тут жа пашчасціла ўладкавацца па спецыяльнасці ва ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Шаркаўшчынскага райвыканкама. Шмат год адпрацавала на пасадзе інжынера. Разам з іншымі спецыялістамі займаліся распрацоўкай будаўнічай дакументацыі, узводзілі вялікую колькасць жылых дамоў, прамысловых і сацыяльных аб’ектаў, ажыццяўлялі пільны кантроль за іх прыёмкай у эксплуатацыю.
Калі ўпраўленне капітальнага будаўніцтва скасавалі, пайшла працаваць у аддзел архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.
На працягу апошніх сямі гадоў жанчына працуе ва УКП ЖКГ. Дасканала ведае сваю справу, бо жыццёвы вопыт і прафесіяналізм даюць свой плён.
— Наталля — спецыяліст з вялікай літары, — упэўнена сцвярджае кіраўнік арганізацыі, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Аляксей Клакоўскі. — Яна заўсёды дасць слушную параду маладым работнікам, падкажа, якое выйсце знайсці з той або іншай складанай сітуацыі. Пабольш бы такіх высокакваліфікаваных спецыялістаў, як Наталля Бягун.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

