Шматлікія гаспадаркі займаюцца перасевам зерневых культур, якія пацярпелі ад майскіх мінусавых температур.
На палетках КУВСП імя Маркава, што каля вёскі Савуткі, восенню мінулага года быў пасеяны азімы ячмень. На жаль, на некаторых участках ён аказаўся пашкоджаны начнымі майскімі замаразкамі. Было прынята рашэнне перасеяць палеткі кукурузай. Справу даручылі перадавому механізатару Аляксандру Кірэю.
— Працую на трактары «Беларус» МТЗ-1221, — кажа механізатар. — Сяўбой кукурузы займаюся даўно. У мінулым годзе гаспадарка набыла сеялку дакладнага высеву. Айчынны агрэгат зроблены надзейна і не мае нараканняў па сваіх тэхнічных характарыстыках.
З сёлетнім аб’ёмам сяўбы «царыцы палёў» мясцовыя аграрыі цалкам справіліся. Загарнулі ў глебу насенне кукурузы на плошчы 365 гектараў, але, як сказаў дырэктар гаспадаркі Юрый Жынгель, запас бяды не чыніць. Ён мае рацыю, бо кожны год у сельгаспрадпрыемстве кармы нарыхтоўваюць звыш патрэбнай нормы. Лішкі вясной застаюцца для продажу іншым гаспадаркам.
Падрыхтоўкай глебы пад сяўбу займаўся малады механізатар Анатоль Курылёнак. Два гады назад хлопцу даверылі трактар «Беларус» МТЗ-1221. Нараканняў на працу маладога механізатара з боку кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства няма. Да таго ж Аляксандр Кірэй, як вопытны аграрый, расказвае Анатолю ўсе тонкасці справы, прывучае да працы на зямлі.
Адначасова з сяўбой у КУВСП імя Маркава ідзе касавіца. Травы першага ўкосу трэба скасіць на плошчы 1100 гектараў. Калі пасевы зерневых культур часткова знішчылі замаразкі, то на нарыхтоўку кармоў свой негатыўны ўплыў аказалі дажджы. Тэхніка з прычапнымі агрэгатамі рухаецца па полі вельмі марудна, утвараючы за сабой каляіны на вымачках.
Але, нягледзячы на капрызы надвор’я, аграрыі працуюць з аптымізмам, бо невырашальных праблем не існуе.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.