Пра руплівасць і стараннасць працаўнікоў вёскі мы пастаянна пішам на старонках раённай газеты. Расказваем чытачам пра калектывы і асобных работнікаў сельскай гаспадаркі. Іх нялёгкая праца заслугоўвае вялікай павагі і ўдзячнасці, бо кожны карпатліва апрацоўвае хлебную ніву, самааддана працуе ў жывёлагадоўлі.
13 лістапада ў раённым Цэнтры культуры прайшла святочная ўрачыстасць, прысвечаная Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Працаўнікі сяла, работнікі перапрацоўчых прадпрыемстваў разам сабраліся, каб адзначыць гэта свята.
Ва ўтульнай глядзельнай зале прайшла асноўная частка ўрачыстасці. Гучала святочная музыка, удзельнікі і запрошаныя госці мерапрыемства размясціліся на сваіх месцах. Гук фанфар абвясціў пра пачатак урачыстасці.
— Сённяшняе свята — своеасаблівы вынік сельскагаспадарчага года, — звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака. — Вясковая праца патрабуе цярпення і вытрымкі, умелых рук. У гэты святочны дзень у адрас хлебаробаў, механізатараў, жывёлаводаў, кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, працаўнікоў перапрацоўчай прамысловасці гучаць найлепшыя словы віншаванняў.
У бягучым годзе прырост вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 107 працэнтаў. Валавы надой малака павялічыўся на 1128 тон. За 10 месяцаў 2020 года шэсць аператараў машыннага даення перасягнулі чатырохтысячны рубеж па надоях малака ад адной каровы. Гэта Алена Мухамора, Людміла Захарэвіч і Людміла Хаданёнак з ААТ “Княж”, Святлана Буда і Марына Бука з ААТ “Ельня-Агра”, Аксана Кудраўцава з ААТ “Агратэхсэрвіс”.
Павялічыліся сярэднясутачныя прывагі БРЖ і свіней. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася на 587 галоў, у тым ліку дойнага статку — на 195 галоў.
Валавы збор масланасення рапсу склаў 1337 тон — 161 працэнт да ўзроўню мінулага года.
У бягучым годзе гаспадаркамі раёна на 33 працэнты павялічаны аб’ём нарыхтаваных кармоў. Сёлета наш рэгіён чацвёртым у вобласці завяршыў уборку зерневых культур. Камбайнерамі-двухтысячнікамі сталі Яўгеній Пятрашка з ААТ “Жвіранка” і Юрый Ардынскі з ААТ “Даватарскі”. А па раёне тысячны рубеж у намалоце зерневых культур перасягнулі 8 камбайнераў і 10 вадзіцеляў аўтамабіляў на адвозе зерна.
Заслугі нашых аграрыяў былі высока адзначаны на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020” у Віцебску. Трактарыст ААТ “Жвіранка” Віктар Цімафееў узнагароджаны Ганаровай граматай Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, а аператар зернесушыльнай устаноўкі ААТ “Княж” Раман Валяўка — Ганаровай граматай Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Ключы ад новых аўтамабіляў “Ніва” атрымала кіраўніцтва ААТ “Буеўшчына” і КУВСП “Гарадзец”.
Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, звязаныя з фінансаваннем будаўніцтва і рэканструкцыі вытворчых памяшканняў, сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна вядзецца пастаянная мадэрнізацыя жывёлагадоўчых ферм, будуюцца сянажныя траншэі за лік уласных фінансавых сродкаў гаспадарак.
Асобныя словы ўдзячнасці выказваю ветэранам сельскагаспадарчай вытворчасці, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі працы ў вёсцы.
Дарагія сябры, няхай за вашу працу шаркаўшчынская зямля заўсёды радуе багатымі ўраджаямі. Жадаю усім вам добрага надвор’я, шчасця ў сем’ях і моцнага здароўя!
Ва ўрачыстай атмасферы Дзмітрый Міхайлавіч уручыў ветэрану працы сельгасвытворчасці Ірыне Генадзьеўне Міхалёнак медаль “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем”, а таксама Ганаровую грамату Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта.
Віншаванні са святам прысутным адрасаваў і першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Струй. Ён узнагародзіў Ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі перадавікоў сельгаспрадпрыемстваў.
На свята завітаў і начальнік упраўлення па раслінаводстве і механізацыі Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры Аляксандр Варона. Ён уручыў Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі шматлікім кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў за здадзеную прадукцыю.
На працягу некалькіх гадзін пазітыўны настрой працаўнікам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці стваралі работнікі ўстаноў культуры гарадскога пасёлка і раёна.
Сяргей РАЙЧОНАК.






























