Адкрытае акцыянернае таварыства «Княж» адным з першых прыступіла да ўборкі зерневых культур. У гаспадарцы актыўнымі тэмпамі ідзе абмалот азімага ячменю.
— Для нас, аграрыяў, цяпер настаў момант ісціны, — кажа дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Буда. — Жніво для кожнага вяскоўца — адказная пара. Вельмі важна ўкласціся ў аптымальныя агранамічныя тэрміны, каб не страціць ніводнага зернейка.
Уборачную кампанію пачалі з абмалоту азімага ячменю. Тэхніка працуе на розных палях, выбіраем участкі з найбльшай спеласцю зерня. Нядаўна шляхам рэарганізацыі да нашай гаспадаркі далучана былое ААТ «Ельня-Агра». Уборачныя плошчы павялічыліся. Палеткі з азімым ячменем складаюць 303 гектары. Хутка паспее і азімы рапс, пасеяны на плошчы 480 га. Уборку гэтых культур трэба будзе весці паралельна.
За вёскай Сталіца азімы ячмень абмалочвалі вопытныя камбайнеры Аляксандр Мацкевіч і Аляксей Малыш. Першы механізатар атрымаў новую тэхніку ў мінулым годзе, таму нараканняў на работу механізмаў няма. Да таго ж у кабіне працуе кандыцыянер. А ў такую спякоту важна, каб камбайнер адчуваў сябе камфортна.
— Мой «Палессе» КЗС-1218 абмалочвае збажыну ўжо шаснаццаты сезон, — кажа Аляксей. — За гады працы на ім агрэгаты тэхнічна знасіліся, але своечасовы рамонт спрыяе падаўжэнню тэрміну эксплуатацыі камбайна.
Працуюць мужчыны ад світання да змяркання. Яно і вядома, бо кожны намалочвае за светлавы дзень па 12 і больш бункераў зерня. Ураджайнасць азімага ячменю, а месцамі яна перавышае 40 цэнтнераў з гектара, радуе і кіраўніцтва гаспадаркі, і камбайнераў. Ад тэмпаў і якасці ўборкі будзе залежыць і іх заробак.
Дапамогу сельгаспрадпрыемству аказвае камбайнер з ААТ «Даватарскі» Юрый Ардынскі. У сваёй гаспадарцы азімы ячмень яшчэ не саспеў, таму было вырашана накіраваць магутны камбайн «New Holland» на палеткі «Княжа». Галоўнае, каб тэхніка не прастойвала, бо падчас жніва важна не ўпусціць кожную пагодную хвіліну.
На жніўны палетак прыехаў, каб пацікавіцца ходам уборачнай, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат.
— Кожны дзень мы выязджаем у сельгасарганізацыі, дзе ідзе ўборка, наведваем зернесушыльныя комплексы, — кажа Аляксандр. — Працуем у адным тандэме з вяскоўцамі, дапамагаем ім у вырашэнні існуючых праблем.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
