У Беларусі многае робіцца для вырашэння пытанняў, так або інакш звязаных з дэмаграфіяй. Паляпшаецца медыцынскае абсугоўванне, павышаецца якасць жыцця, удасканальваюцца сацыяльная і эканамічная сферы. Вялікая ўвага надаецца і захаванню сямейных каштоўнасцей. Пры гэтым духоўны і матэрыяльны бакі тут аднолькава важныя.
Падтрымка дзяржавы
На тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна пражываюць 142 шматдзетныя сям’і. У 98 з іх выхоўваюцца трое дзяцей, у 22 — чацвёра у 18 — пяцёра. Шасцёра дзяцей маюць тры сям’і, сямёра дзетак — адна. З 2020 года такім сем’ям прадастаўлена права на датэрміновае выкарыстанне сродкаў сямейнага капіталу, што ў значнай ступені дазваляе, калі ёсць патрэба ў паляпшэнні жыллёвых умоў, паскорыць вырашэнне гэтага пытання. Сем’ям, у якіх жыллёвае пытанне вырашана,таксама прадастаўляецца магчымасць інвестыраваць сродкі ў адукацыю і здароўе.
Заўсёды разам
Анжэла і Юрый Пяткевічы з аграгарадка Радзюкі выхоўваюць траіх дзяцей. Сваю сям’ю яны стварылі амаль 18 гадоў назад. Анжэла працуе бухгалтарам у КУВСП імя Маркава, Юрый — вартаўніком ва ўнітарным прадпрыемстве «Брызант-Рэсурсы» па вытворчасці і здабычы торфу, а таксама займаецца будаўнічымі работамі.
Муж і жонка знаёмыя з дзяцінства, абодва вучыліся ў Радзюкоўскай базавай школе. Юрый родам з Шаркаўшчыны, Анжэла — з вёскі Савуткі. Калі, будучы маладым спецыялістам, Анжэла прыехала ўладкоўвацца на працу ў КУВСП імя Маркава, амаль адразу атрымала ад гаспадаркі дом — арэнднае жыллё. У ім на працягу 16 гадоў у аграгарадку Радюкі шматдзетная сям’я пражывае і зараз. А з дапамогай сродкаў сямейнага капіталу муж і жонка пабудавалі трохпакаёвую кватэру ў новым жылым доме ў Шаркаўшчыне.
У сям’і выхоўваюцца трое дзяцей школьнага ўзросту. Старэйшы сын Мікіта ў гэтым годзе закончыў школу, наперадзе няпросты перыяд паступлення. Юнак вырашыў стаць тэхнікам-будаўніком, плануе падаваць дакументы ў Мінскі дзяржаўны каледж тэхналогій камунальнай гаспадаркі і транспартнага абслугоўвання, і бацькі яго ў гэтым падтрымліваюць. З самага дзяцінства Мікіта захапляецца тэхнікай, асабліва матацыкламі.
Малодшы сын Мацвей, якому 13 год, вельмі любіць рыбалку. Таму летам найлепшы адпачынак для хлопчыка — паход разам з татам і сябрамі на мясцовую рэчку. Як і старэйшы брат, Мацвей таксама захапляецца тэхнікай.
Малодшай ў сям’і Дашы 9 год. У верасні дзяўчынка пойдзе ў 4 клас сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына. Яна выдатна спявае, любіць маляваць, наведва гурткі па вакалу ў школе і Радзюкоўскім сельскім доме культуры, удзельнічае у розных мерапрыемствах.
— Мы звычайная сярэднестатыстычная сям’я, такіх у нашым раёне шмат. Жывём працуем, выхоўваем дзяцей. Яны для нас з мужам — галоўнае, — расказала Анжэла. — Трое дзяцей у сям’і — гэта вельмі добра і зусім не складана, калі іх правільна выхоўваць. Тым больш, што дзеткі так хутка падрастаюць! Асабіста я ўпэўнена, што ў шматдзетных сем’ях дзеці больш дружныя. Яны ўзаемадзейнічаюць не толькі з бацькамі, але і адзін з адным. Таму хутчэй сацыялізіруюцца, а ў бацькоў з’яўляецца больш часу для ўласных спраў. Калі дзеці рознага полу, гэта таксама дадатковы вопыт узаемадзеяння, неабходны хлопчыкам і дзяўчынкам. У сучасным жыцці, калі чалавечыя радасці і трывогі губляюцца ў патоках інфармацыі, а жывыя зносіны выцясняюцца кароткімі фразамі ў сацыяльных сетках, і, здаецца, ні на што не хапае часу, менавіта сям’я застаецца адзіным і надзейным прытулкам для душэўнага спакою і радасці.
Любім свой аграгарадок
Нашы дзеці заўсёды разам з намі. Далучаем іх да хатніх спраў, разам прыязджаем у госці да маіх бацькоў, захоўваем сувязь пакаленняў і сямейныя традыцыі. Любім свой аграгарадок Радзюкі, нашых землякоў, сярод якіх даволі шмат сем’яў з дзецьмі. Нашым хлопчыкам і дзяўчынцы тут ніколі не бывае сумна. І нам за іх не трэба хвалявацца. Гэта ў горадзе дзяцей адных не адпусціш гуляць. Мы з мужам вясковыя жыхары і сельскі ўклад жыцця нам даспадобы. Выходзіш на вуліцу і вочы не ўпіраюцца ў сцены ці машыны, якія-небудзь іншыя перашкоды — абсалютна адкрытая прастора да самага гарызонта. Таму і не спяшаемся пераязджаць у райцэнтр. Займаемся добраўпарадкаваннем дома і прысядзібнага ўчастка, вырошчваем агародніну на сваім зямельным участку, кветкі на падворку.
Даўно заўважана, што ў сем’ях, дзе бацькі самі зацікаўлены ва ўсебаковым развіцці сваіх дзяцей, а не перакладаюць гэту адказнасць на бабуль-дзядуль, школу і грамадства, дзеці, як правіла, вырастаюць больш упэўненымі ў сабе і самастойнымі. Дакладна і тое, што добрымі бацькамі не нараджаюцца, а становяцца. Анжэла і Юрый Пяткевічы не толькі ўмеюць добра працаваць, але і любяць разам з дзецьмі праводзіць свой вольны час. Хоць і застаецца яго зусім няшмат: адказныя ўчасткі работы, штодзённыя клопаты па дому… Тым не менш, менавіта на такіх дружных сем’ях і трымаецца сучасная вёска.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара і з сямейнага архіву.



