Ажыццяўленне пастаяннага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы — адзін з асноўных накірункаў у рабоце прафсаюзаў.
Як паказвае практыка, своечасовае выяўленне парушэння правілаў аховы працы дае свой станоўчы эфект. Гэта ў чарговы раз пацвердзіла правядзенне маніторынгу старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандрам Гернатам у ААТ «Жвіранка».
Студзень сурова заявіў пра сябе адмоўнымі тэмпературамі навакольнага асяроддзя. На працягу месяца слупок тэрмометра ў начны час нярэдка апускаецца ніжэй за мінус 20 градусаў. Але праца ў механічных майстэрнях, на жывёлагадоўчых аб’ектах і каля іх не спыняецца. На малочнатаварнай ферме «Більдзюгі» дзверы памяшканняў, дзе ўтрымліваецца жывёла, шчыльна зачыняюцца, двойчы ў суткі праводзіцца гноевыдаленне. У спецыяльна адведзеным памяшканні абсталявана кацельня для абагрэву даільнай залы, наяўнасці гарачай вады для гаспадарчых патрэб, ёсць неабходны запас дроў.
Іншая карціна адкрываецца воку пры наведванні цэнтральных механічных майстэрань. Мноства тэхнікі знаходзіцца на рамонце, у асноўным калёсныя трактары. Вузлы і дэталі хаатычна ляжаць па ўсёй зале, а ў самім памяшканні гарэў ліхтар, дзе нікога з механізатараў або слесараў не было. Аляксандр Гернат даў шэраг заўваг на недапушчэнне грэбавання правіламі аховы працы і энергазберажэння. Сітуацыю абяцалі паправіць і навесці належны парадак.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
