Канстанціна Дабравольскага павіншавалі з 85-годдзем

Общество Прафсаюзы Сельское хозяйство

Канстанцін Дабравольскі — чалавек гасцінны. Ён заўсёды з радасцю і ўсмешкай сустракае на парозе свайго дома сяброў і знаёмых.

Кожнаму шаркаўчаніну добра вядома яго імя. Канстанцін Дабравольскі з’яўляецца кавалерам ордэна Працоўнай Славы, Ганаровым грамадзянінам гарадскога пасёлка Шаркаўшчына.

Нарадзіўся ён 7 лютага 1941 года ў вёсцы Галінова. Бацькі былі звычайнымі сялянамі. У вайну вёску спалілі нямецка-фашысцкія захопнікі. Сям’я Канстанціна, як і іншыя людзі, жыла ў зямлянцы. Толькі пасля вызвалення мясцовасці ад гітлераўцаў пачалі будаваць уласнае жыллё.

У 1948 годзе ён пайшоў вучыцца ў Казакоўскую сямігодку, але скончыў толькі 5 класаў, бо трэба было працаваць, дапамагаць бацькам.

— З маленства мяне вабіла тэхніка, якая толькі пачала з’яўляцца ў калгасах, — успамінае мужчына. — Памятаю, як бегаў на поле, здалёк пачуўшы рокат трактароў. У 15 гадоў стаў сам працаваць прычэпшчыкам у калгасе імя Леніна.

Пасведчанне трактарыста атрымаў у войску, калі праходзіў тэрміновую службу. Вярнуўшыся дадому, пайшоў на працу ў мясцовую гаспадарку, кіраўніцтва якой даверыла мне старэнькі гусенічны трактар.

Любоў да тэхнікі, старанне, працавітасць прынеслі першыя поспехі маладому механізатару. 14 лютага 1975 года Канстанцін Дабравольскі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені. Праз год перадавы механізатар калгаса імя Леніна атрымаў чарговую ўзнагароду — ордэн Працоўнай Славы ІІ ступені, а яшчэ праз дзесяцігоддзе — ордэн Працоўнай славы І ступені.

— Як і кожны механізатар, я быў уключаны ў сацыялістычнае спаборніцтва, — дзеліцца ўспамінамі суразмоўца. — Напэўна, мне больш шанцавала, што з году ў год выходзіў на першыя пазіцыі не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне. Даведзеныя нормы перавыконваў ажно ў два разы. Як гэта атрымлівалася? Па-першае, працаваў без выхадных. Па-другое, свой гусенічны трактар не спыняў нават у абедзенны перапынак. Па-трэцяе, адносіўся да выканання сваіх абавязкаў сумленна і адказна. Гэтыя фактары і спрыялі высокім вытворчым паказчыкам.

За перыяд працы механізатарам Канстанцін Дабравольскі мае шэраг узнагарод: медалі, граматы, падзякі, каштоўныя падарункі. У 2006 годзе з’яўляўся дэлегатам ад Шаркаўшчынскага раёна на ІІІ Усебеларускім народным сходзе. У лютым 2018 года прымаў удзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці. Мужчына і цяпер займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, заўсёды ўдзельнічае ў грамадскім жыцці раёна, у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.

Заўсёды з клопатам і ўвагай адносіцца да Канстанціна Дабравольскага мясцовая ўлада. Намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі разам са старшынёй раённага Савета ветэранаў Ірынай Міхалёнак і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандрам Гернатам завіталі на дом да ветэрана працы, каб павіншаваць яго з 85-годдзем.

За шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна Падзяку за подпісам старшыні райвыканкама Сяргея Кашмілы Юрый Васілеўскі ўручыў Канстанціну Дабравольскаму. Да віншаванняў далучыліся прысутныя госці і родныя імянінніка.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.