Лія Свірковіч нарадзілася на шаркаўшчынскай зямлі. Тут прайшлі гады яе дзяцінства, юнацтва, тут яна скончыла сярэднюю школу. У родных мясцінах жанчына пачала рабіць свае першыя працоўныя крокі.
— У 1969 годзе я пачала працаваць вучнем тэхніка-аграметэаролага на аграметэастанцыі «Шаркаўшчына», — успамінае жанчына. — Спецыяльную адукацыю атрымала падчас завочнага навучання ў Адэскім гідраметэаралагічным інстытуце, які скончыла ў 1977 годзе. Уся мая працоўная дзейнасць звязана з шаркаўшчынскай аграметэаралагічнай станцыяй, дзе я працавала на розных пасадах, а з чэрвеня 1981 па снежань 2008 гадоў узначальвала ўстанову.
У гэты перыяд часу станцыя некалькі разоў станавілася пераможцам рэспубліканскіх сацыялістычных спаборніцтваў. Установе тройчы ўручаўся пераходны вымпел, а за першае месца — пераходны Чырвоны сцяг. Калектыў актыўна ўдзельнічаў у жыцці раёна, у забеспячэнні неабходнай інфармацыяй спецыялістаў аграрнага сектара нашага і суседніх рэгіёнаў.
У адзін з лютаўскіх дзён Лія Свірковіч сустрэла свой юбілейны дзень нараджэння. З адметнай жыццёвай датай жанчыну павіншавалі намеснік кіраўніка раёна, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі. За шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграметэаралагічнай службы раёна, актыўную жыццёвую пазіцыю намеснік старшыні райвыканкама ўручыў юбілярцы Падзяку кіраўніка раёна за подпісам Сяргея Кашмілы. Шмат цёплых слоў у адрас імянінніцы выказалі старшыня раённага Савета ветэранаў Ірына Міхалёнак і начальнік аграметэаралагічнай станцыі «Шаркаўшчына» Валянціна Конюхава.
Сяргей РАЙЧОНАК

