Бярозка+клёнік=прыгажосць райцэнтра. Фотарэпартаж і матэрыялы з экалагічнай акцыі па добраўпарадкаванню

Актуальное

У газеце за 9 лістапада змяшчалася інфармацыя пра тое, што ў Шаркаўшчынскім раёне 4 лістапада стартавала экалагічная акцыя па добраўпарадкаванню, у межах якой праводзіцца пасадка дрэўцаў. У той дзень у гарпасёлку пасадкай дрэў займаліся многія арганізацыі і ўстановы. Масавыя работы вяліся ў скверы ПМК-68, каля паліклінікі, каля кацельнай УКП ЖКГ, побач з новымі шматпавярховікамі па вуліцы М. Горкага. Давялося пабываць на кожным з аб’ектаў.
У маладзёжным скверы ПМК-68 працавалі шмат людзей — актывісты БРСМ, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Непасрэдны ўдзел у пасадцы дрэўцаў прымаў старшыня райвыканкама М. В. Морхат. Тэхніка падвозіла саджанцы, ваду, зямлю. Выкопваліся ямы адпаведнай глыбіні, праводзілася падсыпка грунту, дрэўца закапвалася, побач устанаўліваліся калкі — каб саджанец больш упэўнена сябе адчуваў у ветранае надвор’е. Намеснік дырэктара УКП ЖКГ Васілій Іванавіч Някрасаў кіраваў работай камунальнікаў:
— Мы даставілі на месца 210 саджанцаў. Ёсць усё неабходнае для пасадкі. Для лагічнага завяршэння справы трэба толькі папрацаваць.
Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Агратэхсэрвіс” С. І. Чапроўскага, у скверы працавалі прадстаўнікі сельгаспрадпрыемства — усяго 27 чалавек. Перад імі была пастаўлена задача пасадзіць 150 дрэўцаў.
Каля кацельнай ЖКГ пасадка дрэўцаў вялася пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама па будаўніцтву М. Г. Ясюкевіча.
—    Азеляненне райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў — задача важная, — такога меркавання прытрымліваецца Міхаіл Генадзьевіч. — Трэба зрабіць усё магчымае, каб вока радавала прыгажосць. Неабходна высаджваць маладыя дрэўцы, а старыя, хворыя і аварыйныя лепш спілаваць.
На жаль, у аграгарадках, асабліва на новых вуліцах, гаспадары не ўдзяляюць належнай увагі справе азелянення. Хацелася б, каб жыхары восенню і вясной знайшлі час для пасадкі дрэўцаў, кусцікаў.
Па словах начальніка аддзела адукацыі райвыканкама А. А. Цітовіча, у экалагічнай акцыі па пасадцы дрэў удзельнічаюць усе школы. У скверы ПМК-68 працавалі вучні і настаўнікі абедзвюх школ гарпасёлка. Вясковыя школьнікі ў той дзень займаліся пасадкай дрэўцаў, рыхтавалі сады да зімы, убіралі апалае лісце, займаліся добраўпарадкаваннем каля помнікаў загінуўшым.
Як вядома, вялікія сады маюцца ў Лужкаўскай і Більдзюжскай сярэдніх школах. Дарэчы, у той дзень школьнікі пасадзілі каля 300 дрэўцаў.
Ва ўсю кіпела работа каля паліклінікі. Людзі займаліся пасадкай дрэўцаў, тэхніка працавала на планіроўцы тэрыторыі.
Вось што расказаў галоўны ўрач ЦРБ С. Т. Стома:
—    Сёння запланавана пасадзіць 250 дрэўцаў. Тут будзе парк адпачынку для жыхароў райцэнтра, а таксама пацыентаў паліклінікі і бальніцы. Зробім штучныя вадаёмы, сплануем тэрыторыю, упрыгожым яе малымі архітэктурнымі формамі. Будзе закладзены парк вечназялёных раслін, пладовы сад. Зробім усё магчымае, каб стварыць каля медыцынскай установы сапраўдны аазіс прыгажосці.
Па словах Станіслава Тадэвушавіча, у той дзень на аб’екце займаліся добраўпарадкаваннем акрамя медыкаў, прадстаўнікі РЦГЭ, ПМС, ААТ “Даватарскі”, была задзейнічана тэхніка ПМК-68 і ДРБУП-131.
Увогуле, трэба адзначыць, што медыцынскія ўстановы раёна вылучаюцца сярод іншых добраўпарадкаваннем. І гэта вельмі важна, калі чалавек прыходзіць лячыцца і бачыць прыгажосць навокал.
З усяго ўбачанага можна зрабіць выснову: ствараць прыгажосць не цяжка, толькі патрэбна ініцыятыва і крыху прыкласці намаганняў. А пасля доўгія гады можна будзе радавацца вынікамі ўласнай працы. І зараз, калі праязджаеш каля месцаў, узгаданых у гэтым матэрыяле, вока радуюць роўныя рады маладых дрэўцаў. А вясной саджанцы аддзячаць зелянінай, якая ўпрыгожвае любы населены пункт.
Аляксандр БАРЫЛА

Шаркаўшчына — наш дом!

У штодзённай мітусьні, часам мы забываем пра тое, што ў жыцці ёсць штосьці больш важнае. Трэба спыніцца і задумацца: важна зразумець, што трэба не толькі браць, але і аддаваць. Асабліва гэта тычыцца навакольнага асяроддзя. У народзе распаўсюджана меркаванне, што кожны чалавек у сваім жыцці павінен пасадзіць дрэва, а яшчэ лепш — некалькі дрэўцаў.
4 лістапада ў гарадскім парку адпачынку ў раёне канторы ААТ “Агратэхсэрвіс” і ПМК-68 стартавала экалагічная акцыя па пасадцы дрэваў і добраўпарадкаванні тэрыторыі. Яе дэвіз — “Шаркаўшчына — наш дом!”.
Ініцыятыва па правядзенню названай акцыі належыць старшыні райвыканкама М. В. Морхату. Згодна з распараджэннем кіраўніка раёна ў парк з Лужкаўскага лясніцтва камунальнікі прывезлі 210 прыгожых, маладых бярозак. Прадстаўнікі ААТ “Агратэхсэрвіс” прывезлі ўрадлівай зямлі. Таксама ў парк даставілі ваду і калочкі.
Пасадка дрэўцаў аб’яднала членаў БРСМ — настаўнікаў і вучняў абедзвюх школ райцэнтра, работнікаў УКП ЖКГ, ААТ “Агратэхсэрвіс”, прадстаўнікоў службаў і ўпраўленняў райвыканкама.
Мечыслаў Віктаравіч Морхат правёў майстар-клас па пасадцы дрэўцаў, пасадзіўшы некалькі бярозак.
Трэба адзначыць, што асабісты прыклад дарослых стаў выдатным урокам для моладзі. Шаркаўшчынскі край можа быць яшчэ прыгажэйшым. Для гэтага трэба прыкласці сілы.
У той дзень брыгада Эдуарда Няфёдава (УКП ЖКГ) займалася выразаннем старых, хворых і аварыйных дрэў каля ракі Янкі — гэтым самым камунальнікі ўнеслі свій уклад у добраўпарадкаванне парку.
Асноўнае, што пакладзены пачатак экалагічнай акцыі “Шаркаўшчына — наш дом!”. Яе ўдзельнікі добра папрацавалі і атрымалі ад гэтага задавальненне. У душы застаецца радасць, калі робіш справу, вынікі якой будуць бачнымі доўгія гады. Заклікаем усіх, хто не раўнадушны да таго, якой будзе Шаркаўшчына, унесці пасільны ўклад у добраўпарадкаванне гарпасёлка.
І. ІВАНОЎ,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *