12 лютага для парафіі касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне быў надзвычай важны і святочны дзень. Падчас візітацыі парафію наведаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Вернікі ўрачыста сустрэлі яго на ўваходзе ў касцёл і запрасілі на ўрачыстую Імшу. Святыня была запоўнена людзьмі сталага ўзросту і моладдзю. Парафіяне сустрэлі біскупа з боханам хлеба, падарылі кашулю-вышыванку з беларускім народным арнаментам.
У прывітальным слове ксёндз Крыштаф Сілкоўскі нагадаў, што ў мінулым 2016 годзе касцёл Узвышэння Святога Крыжа адзначыў сваё 20-годдзе. Знакавай падзеяй стала і знойдзеная дванаццатая стацыя Крыжовага шляху са страчанага касцёла. Ксёндз-пробашч таксама паведаміў, што за гэтыя гады з парафіі выйшлі тры святары, адзін айцец-сэрцанін, законная сястра, а цяпер у семінарыі вучыцца адзін клерык.
Біскуп Алег Буткевіч павіншаваў парафіян са святам, поспехамі ў духоўных справах. Ён выказаў цёплыя, шчырыя словы радасці ад сустрэчы з такой вялікай колькасцю вернікаў, бо лічыць шаркаўчан амаль сваімі землякамі. Вядома, што біскуп паходзіць з суседняга Браслаўскага раёна.
У гэты ўрачысты дзень чыталася частка Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста. Біскуп закрануў праблему пакліканняў, адзначыўшы, што сям’я таксама з’яўляецца пакліканнем, як і святарства, і манаства. Таму да гэтага заўсёды трэба ставіцца з усёй паўнатой адказнасці. Менавіта таму біскуп адзначыў тут вялікую ролю жанчыны, бо на ёй ляжыць адказнасць за сям’ю.
— Сёння ўжо не разбураюць касцёлы, — адзначыў іерарх, — але існуе іншая небяспека, калі чалавек сябе самога лічыць ідэалам. Маўляў, я сам магу ўсё зрабіць, і Бог у маім жыцці ўжо непатрэбен. Але ўся гісторыя вучыць нас, што гэта не так і толькі з Богам мы можам дасягнуць шчасця і вечнага жыцця. Толькі з верай чалавек можа быць па-сапраўднаму шчаслівым.
Пасля пачалася працэсія з дарамі. Дзеці паднеслі біскупу запаленую свечку, кветкі, ружанец і малітоўнік, а таксама хлеб і віно. Усё гэта сімвалізуе святло і велічную прыгажосць Божага тварэння.
Сем жанчын-верніц, якія ўвайшлі ў кола новай супольнасці маргарытак, далі клятву перад алтаром, што будуць да канца свайго зямнога жыцця маліцца ў інтэнцыі біскупа Алега Буткевіча. Святар адзначыў, што ні ў адной парафіі не бачыў такога букета маргарытак, а ў Шаркаўшчыне гэта ўжо дванаццатая маргарытка.
Урачыстая імша завяршылася невялікім канцэртам. Дзеці ігралі і спявалі духоўныя творы, у якіх усхвалялі Бога, вечнае жыццё, чалавечую любоў, веру і спагаду. Затым біскуп сустрэўся з вучнямі нядзельнай школы ў катэхетычным класе. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўважліва слухалі прамову святара, адказвалі на яго пытанні, а напрыканцы падарылі біскупу невялікія сувеніры.
Пасля абеду іерарх наведаў цяжка хворых людзей, якія знаходзяцца ў закрытай установе — Александроўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце, паразмаўляў з імі, падараваў кожнаму святыя абразы.
Пастырская візітацыя біскупа Алега Буткевіча стала сапраўднай падзеяй, якая з’яднала мясцовых вернікаў у любові і вернасці Касцёлу і Богу.
Сяргей РАЙЧОНАК


























































