Зімой галоўная ўвага на мехдварах гаспадарак павінна ўдзяляцца рамонту і падрыхтоўцы сельгастэхнікі

Сельское хозяйство

Зімовы перыяд для інжынерных служб гаспадарак і механізатараў па напружанню нельга параўноўваць з буднямі пасяўных кампаній, корманарыхтоўкі, уборкі збожжавых культур. Рабочы дзень пачынаецца пазней, раней заканчваецца. Аднак гэта ні ў якім разе не павінна расхалоджваць людзей. Шматгадовая практыка вельмі дакладна пацвярджае выказванне, што “сані патрэбна рыхтаваць летам, а калёсы — зімой”.
Менавіта адсюль і распачнём размову аб тым, як у гаспадарках раёна арганізаваны рамонт тэхнікі да пачатку веснавых палявых работ.
Канкрэтныя задачы перад рамонтнікамі пастаўлены старшынёй райвыканкама М. В. Морхатам на пасяджэнні райвыканкама, якое праводзілася 10 студзеня. Зазначалася, што на дадзены момант у гаспадарках зроблена вельмі мала, бо ў мехмайстэрнях пануе зацішша, падмацоўваемае думкамі аб тым, што да выхаду тэхнікі ў поле яшчэ вельмі шмат часу. І моцна памыляюцца. Пацверджанне таму — апытанне галоўных інжынераў у першай палове пасяджэння. Адказы большасці даволі расплыўчатыя: прыступілі, разбіраем, рэстаўрыруем, механізатары ў водпусках. Паўсюдна спадзяюцца на бюджэтную падтрымку, бо ўласных сродкаў для закупу запасных частак вельмі мала або іх зусім няма.
Шмат прэтэнзій інжынерная служба ўпраўлення райсельгасхарчу выказала на адрас ААТ “Агратэхсэрвіс” (галоўны інжынер В. А. Катовіч). На сённяшні дзень указанае сельгаспрадпрыемства не адыгрывае адведзеную яму ролю. Што гэта так, можна пацвердзіць наступным прыкладам. Без шасціметровых дыскавых барон на цяжкай шаркаўшчынскай глебе не абысціся. Такіх агрэгатаў у раёне 13. І ўсе яны павінны прайсці праз мехмайстэрню ААТ “Агратэхсэрвіс”. На дзень правядзення пасяджэння ў рамонт прыняты толькі 2. А калі не разабралі, не правялі дэфектоўку, то аб якіх заказах за бюджэтныя сродкі можна весці размову? На словах нібы разумеюць усе, а вось да справы рукі пакуль што не даходзяць.
Не лішнім сёння будзе нагадаць, што на палетках раёна ў час пасяўной кампаніі на розных відах работ будуць задзейнічаны 33 трактары МТЗ-3032, 68 — МТЗ-1221, 45 пасяўных агрэгатаў з шырынёй захопу 3 і 6 метраў, 26 АКШ і шмат іншай тэхнікі. І кожны агрэгат трэба праверыць, адрэгуляваць, замяніць на ім зламаныя ці падношаныя рабочыя органы. Памятаецца, як у мінулыя гады ў шэрагу наведваемых гаспадарак у час выязных пасяджэнняў райвыканкама на лінейцы гатоўнасці выяўляліся культыватары без неабходнай колькасці глебаапрацоўчых лап, неадрэгуляваныя, са спушчанымі коламі. Сёлета такога, як падкрэсліў М. В. Морхат, быць не павінна. А здарыцца — вінаватыя будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне прынятых рашэнняў.
Хочацца звярнуць увагу і на падрыхтоўку счэпак барон для догляду азімых культур, шматгадовых траў і пашы. Аб’ёмы работы тут вялікія — 5 тысяч гектараў азімых зерневых, 11 тысяч гектараў шматгадовых траў і пашы, амаль 6 тысяч гектараў, якія патрэбна перазалужыць ці палепшыць лугавыя ўгоддзі. Каб выканаць такія аб’ёмы работ у аптымальныя тэрміны неабходна задзейнічаць як мінімум 60 счэпак барон з шырынёй захопу 4 і 6 метраў. Пакуль што праблема іх рамонту поўнасцю не вырашана.
З самага станоўчага боку зарэкамендавалі сябе агрэгаты “Раса” і “Дзвіна” на пнеўмаходзе. Высокія дзённыя выпрацоўкі і якасць унясення вадкіх угнаенняў, магчымасць распачынаць работу на некалькі дзён раней — вось яўныя перавагі, якія спрыяюць павышэнню ўраджайнасці вырошчваемых культур. З падрыхтоўкай іх таксама ёсць пытанні. На некаторых неабходна мяняць тросы, паклапаціцца аб набыцці запасных пнеўмаколаў, па прыкладу ААТ “Даватарскі” вырабіць або прыстасаваць цялежкі для перавозкі агрэгатаў на аддаленыя палеткі.
Не здымаецца з парадку дня і кадравае забеспячэнне. На кожным магутным трактары павінна быць па два раўнацэнныя падрыхтаваныя механізатары для арганізацыі двухзменнай работы. З гэтай мэтай на базе вучэбна-вытворчага камбіната з 16-га студзеня пачалі працаваць курсы, на якіх займаюцца механізатары з сельгаспрадпрыемстваў, вадзіцелі з арганізацый райцэнтра. У далейшым, пасля перападрыхтоўкі, яны ў найбольш напружаныя перыяды перасядуць на трактары МТЗ-3032 і МТЗ-1221.
У гэтыя дні, згодна з рашэннем райвыканкама, у гаспадарках раёна праходзіць праверка гатоўнасці тэхнікі да выхаду ў поле. Пасля чаго, як падкрэсліў кіраўнік раёна, будуць зроблены вывады з прыняццем адпаведных мер уздзеяння.
Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *