Дырэктар Лужкаўскай СШ Ларыса Віктараўна Гараніна прыняла ўдзел у рабоце рэспубліканскага форуму, які прайшоў у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу

Актуальное

Падзякай старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча ўзнагароджана дырэктар Лужкаўскай сярэдняй школы Ларыса Гараніна
Падзякай старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча ўзнагароджана дырэктар Лужкаўскай сярэдняй школы Ларыса Гараніна

У другой палове мінулага месяца ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адбыўся форум, на якім абмяркоўвалася тэма “Роля інтэлігенцыі ў развіцці сацыяльнай сферы сяла”. З удзелам настаўнікаў і ўрачоў, ветэрынараў і аграномаў, работнікаў культуры і прадстаўнікоў некаторых  іншых прафесій парламентарыі паспрабавалі канкрэтызаваць ролю і задачы інтэлігенцыі ў развіцці сельскіх тэрыторый.

Удзел у рабоце форуму прынялі дэпутаты розных узроўняў, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі сельскай інтэлігенцыі і грамадскасці.

Сярод запрошаных на мерапрыемства ў складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці была  дырэктар Лужкаўскай сярэдняй школы, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Ларыса Віктараўна Гараніна, якая падчас работы форуму падзялілася з прысутнымі вопытам сваёй педагагічнай дзейнасці і выступіла на тэму “Валеалагічнае і экалагічнае навучанне і выхаванне вучняў ва ўмовах сельскай школы”. А падчас цырымоніі ўзнагароджвання, якая праходзіла ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь,  яго старшыня Міхаіл Мясніковіч уручыў Ларысе Віктараўне Гаранінай Падзяку за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і поспехі ў навучанні і выхаванні дзяцей.

У ліку тэм, якія абмяркоўваліся падчас пленарнага пасяджэння ў Савеце Рэспублікі, былі развіццё фермерскіх гаспадарак, узаемадзеянне сельгасарганізацый і органаў мясцовага кіравання і самакіравання па стварэнні ўмоў развіцця сельскіх тэрыторый, арганізацыя аказання медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву, роля грамадскіх інстытутаў у фарміраванні камфортнага пражывання і іншыя.

— Актуальнасць тэматыкі сустрэчы відавочная, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Разлічваю, што яна для парламенцкай дзейнасці будзе вельмі карыснай. Члены Савета Рэспублікі будуць улічваць у законатворчым працэсе тыя ідэі і прапановы, якія прагучалі ад удзельнікаў форуму падчас сустрэчы.

Вопытам работы Лужкаўскай сярэдняй школы, у якой на сённяшні дзень у 11 класах-камплектах займаюцца 146 вучняў, на рэспубліканскім форуме падзялілася дырэктар  Ларыса Віктараўна Гараніна.

школа ў апошнія гады атрымала шэраг узнагарод, дзякуючы той мэтанакіраванай рабоце, якую праводзіць увесь яе  творчы педагагічны калектыў
школа ў апошнія гады атрымала шэраг узнагарод, дзякуючы той мэтанакіраванай рабоце, якую праводзіць увесь яе творчы педагагічны калектыў

Увесь педагагічны калектыў названай навучальнай установы разам з дзецьмі і іх бацькамі сёння імкнецца вырашыць адну з самых значных і актуальных  праблем  сучаснасці — захаванне і ўмацаванне здароўя падрастаючага пакалення. Бо, як сцвярджаюць вучоныя, у апошнія дзесяцігоддзі з’явіліся новыя фактары, што садзейнічаюць пагаршэнню стану здароўя дзяцей, у ліку якіх дрэнная экалогія, сацыяльна-эканамічныя праблемы, празмернае захапленне камп’ютарам.

Калектыў Лужкаўскай сярэдняй школы з 2010 па 2013 год працаваў над рэалізацыяй творчага праекта “Укараненне мадэлі  сістэмы фарміравання валеалагічнай культуры вучняў сродкамі навучальна-выхаваўчага працэсу” (валеалогія — навука, якая займаецца вывучэннем здароўя чалавека). І сёння ў цэнтры ўвагі настаўнікаў — захаванне здароўя дзяцей. Гэтаму садзейнічаюць многія фактары, ад арганізацыі збалансаванага гарачага харчавання да правядзення Дзён здароўя і работы самых розных спартыўных секцый.

У школе створана  сур’ёзная база для экалагічнага навучання і выхавання дзяцей. Прываблівае наведвальнікаў надзвычай прыгожы “Зімовы сад”, які налічвае звыш 100 відаў пакаёвых раслін. Там жа — акварыум з залатымі рыбкамі.  “Зімовы сад” — своеасаблівая жывая лабараторыя, дзе на факультатыўных занятках “Пакаёвае кветкаводства” і “Фітадызайн” дзеці вывучаюць расліны, набываюць шмат карысных ведаў і навыкаў. Школьны калектыў на працягу многіх гадоў з вялікім захапленнем рэалізуе праграму  “Дызайн школьнага двара”. Таму з’явілася задача: ператварыць кветнікі вакол школы ў міні-калекцыі раслін, на прышкольнай тэрыторыі стварыць міні-кампазіцыі з выкарыстаннем малых архітэктурных формаў.

У Лужках, дзе, як і ў кожным населеным пункце, актуальнай задачай з’яўляецца выхаванне чалавека працы, вялікая работа праводзіцца па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі.

Вялікую ролю  у фарміраванні практычных біялагічных ведаў мае школьны дэндрарый. Там юныя лесаводы праводзяць свае даследванні. Створаны гадавальнік дрэўных раслін. Гэты вопыт школа набыла дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з дзяржаўнай навуковай установай “Цэнтральны батанічны сад” горада Мінска.  Веды пра карысныя ўласцівасці раслін дзеці атрымліваюць на лекавым агародзе “Зялёная аптэка”, які створаны  з мэтай пашырэння ведаў пра травалячэнне, для знаёмства з правіламі вырошчвання і нарыхтоўкі  лекавых раслін. Экалагічная сцежка, створаная ў 2005 годзе для арганізацыі вучэбнай і асветніцкай  работы школьнага лясніцтва па пытаннях аховы прыроды, з’яўляецца працягам музея прыроды.

Асноўная ж задача Лужкаўскай сярэдняй школы, па словах яе дырэктара, дапамагчы вучням знайсці сваё месца ў жыцці.

Дарэчы, 45 працэнтаў педагогаў — самі  выпускнікі Лужкаўскай сярэдняй школы. А ўвогуле, усе настаўнікі разумеюць, што ў іх руках — будучыня сяла, будучыня аграгарадка Лужкі і, вядома ж, будучыня іх  дзяцей. Жыццё на сяле не спыніцца, пакуль на яго тэрыторыі дзейнічае школа. А  ў Лужках навучальная ўстанова — гэта яшчэ і  адно з самых маляўнічых месцаў аграгарадка, дзе захаванне здароўя дзяцей — на першым плане.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *