
Свята ў аграгарадку Германавічы, безумоўна, выклікала ў вяскоўцаў самыя станоўчыя эмоцыі. Было на што паглядзець, што паслухаць. Сённяшні наш невялічкі аповед аб таленавітых людзях, якія ўнеслі ў святкаванне нешта сваё, непаўторнае. Такое заканамерна, бо далёка не кожнаму чалавеку наканавана лёсам намаляваць прыгожую карціну, скласці і выразна прачытаць верш, ды так, каб кожнае слова пранікла ў душу і выклікала жаданне бачыць, слухаць, марыць і ўяўляць…
Генадзь Невярковіч арганізаваў на свяце выставу ўласных творчых работ — карцін, намаляваных у розныя гады. Кожная мае сваю адметнасць, якую самадзейны мастак, на званне прафесіянала аўтар не прэтэндуе, імкнуўся перадаць мовай фарбаў. І такое яму ўдаецца спаўна. У асноўным Генадзь Аляксандравіч перавагу аддае пейзажам — вясновым, летнім, восеньскім. А вось да зімы ў яго іншыя адносіны.
— Не люблю зімнія пейзажы, — гаворыць мастак. — Гэтая пара года ў мяне асацыіруецца з заміраннем прыроды, яе часовым спачынкам. А я люблю щсё жывое, з яркімі фарбамі.
Кожнаму сваё. Галоўнае, каб творчасць Генадзя Аляксандравіча годна ацэньвалася. У большасці сваёй так і атрымліваецца, бо аўтар работ не трымае іх у запасніках, а, хаця і не вельмі часта, арганізоўвае выставы там, куды запрашаюць. Апошнім часам з творчым і жыццёвым шляхам Генадзія Аляксандравіча знаёміліся настаўнікі і вучні Велікасельскай сярэдняй школы, жыхары аднайменнага аграгарадка. Водгукі самыя станоўчыя.


Шмат можна расказваць пра творчасць Віктара Лагуна і Таццяны Еўдаковай. Але лепш за ўсё іх паслухаць, што і зрабілі жыхары аграгарадка Германавічы і вёсак сельгаспрадпрыемства “Княж”, госці свята. Актыўныя ўдзельнікі літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”, які носіць званне “народнага”, выступілі перад прысутнымі і заслужана былі ўзнагароджаны апладысментамі. Тонкі лірызм і глыбіня кожнага радка Таццяны Еўдаковай абавязкова прымушаюць задумацца аб сэнсе жыцця, узаемаадносінах і пачуццях. Вершы ж Віктара Лагуна, асабліва калі іх чытае аўтар, нікога не пакідаюць раўнадушнымі, бо адлюстроўваюць рэаліі ўчарашняга і сённяшняга дня, уражваюць дакладнасцю фактаў.
Творчасць не мае межаў. Таму хочацца пажадаць Генадзію Невярковічу, Таццяне Еўдаковай і Віктару Лагуну не спыняцца на дасягнутым, а як людзям з неспакойнымі сэрцамі заўсёды знаходзіцца ў пошуку новага, каб і надалей радаваць людзей сваімі творамі.
Эдуард КОРСАК
